Пазняк: 25 сакавіка на Плошчы плануецца правакацыя, будзьце асцярожныя (Відэа)


Відэазварот Зянона Пазняка

Старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк у заклікае стварыць рух працоўных беларусаў.

Адпаведны відэазварот палітыка, які жыве ў эміграцыі, учора зʼявіўся на «Youtube». Зянон Пазняк адзначае, што не мае дачынення да старонкі, створанай ад яго імя ў «Facebook», на якой змяшчаюцца заклікі «са сцягамі выходзіць на Плошчу» у Менску ў Дзень Волі.

«Відавочна, на Плошчы плануецца нейкая правакацыя. Я, маючы палітычны вопыт, хацеў бы папярэдзіць нашых беларусаў, каб былі вельмі асцярожныя. Не паддавайцеся на заклікі граміць рэзідэнцыю кіраўніка краіны ці нешта яшчэ – гэта абсалютна правакацыйныя будуць заклікі. Ці там разбіваць нейкія намёты, альбо лагеры – гэта нельга рабіць, таму што не настаў яшчэ час. Нашае грамадства, нашыя харошыя шчырыя, працавітыя людзі яшчэ не арганізаваныя. Яны выйшлі з пратэстам, таму што іх зняважылі, іх запісалі ў «дармаеды»! Яны не маюць працы, яны беспрацоўныя, а іх зневажаюць, з іх хочуць садраць грошы, якіх у іх няма – гэта вялікае прыніжэнне ўсёй нацыі», – заявіў Зянон Пазняк.

На ягоную думку, калі ўлады будуць мець нагоду «гэта ўсё разграміць», то пратэставы рух захлынецца.

«Трэба каб людзі гуртаваліся па некалькі асобаў на прадпрыемствах, дзе яны працуюць, па месцы жыхарства, у рух, скажам, працоўных беларусаў, ці ў рух працоўных людзей. Важна, каб утварыліся такія структуры. І вось калі па ўсёй Беларусі пачне гуртавацца рух людзей працы, то лозунг наш павінен быць: «За перамены! За новую вольную Беларусь!» Таму што гэта вельмі крыўдна: у нас такая добрая краіна, такія добрыя людзі, гісторыі, і як нас зняважылі, як утапталі ў балота, што людзі не маюць прытулку на Бацькаўшчыне, едуць працаваць у Расею, іх там забіваюць – гэта нельга далей цярпець!» – адзначыў Зянон Пазняк.

Больш – у відэа вышэй.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў