Павесілі на плоце пудзіла Лукашэнкі. Акцыю ля беларускай амбасады ў Кіеве правялі ўкраінскія анархісты


Акцыю ля амбасады Беларусі ў Кіеве, якой былі абураныя беларускія дыпламаты, зладзілі ўкраінскія анархісты. Такім чынам яны выказалі салідарнасць з арыштаванымі ў Беларусі анархістамі.

Нагадаем, сёння на сайце амбасады Беларусі ва Украіне зʼявілася інфармацыя пра тое, што 23 верасня «група неўстаноўленых людзей перад будынкам Амбасады Рэспублікі Беларусь у Кіеве правяла хуліганскую акцыю антыбеларускай накіраванасці». Паводле дыпламатаў, пратэстоўцы «паводзілі сябе нахабна і агрэсіўна, выкарыстоўвалі фаеры». Амбасада Беларусі цяпер патрабуе ад Украіны правесці адпаведнае расследаванне інцыдэнту.

Цікава, што ўкраінскія СМІ нічога не пісалі пра падобную акцыю, інфармацыі пра яе ў адкрытых крыніцах не было.

У амбасадзе Беларусі ў Кіеве «Белсату» адмовіліся дадаткова пракаментаваць падзеі 23 верасня.

Пазней украінскія анархісты з суполкі «Революційна Дія» распаўсюдзілі відэаролік з пікету 23 верасня ля беларускай амбасады.

«Група кіеўскіх анархістаў 23 верасня правяла пікет каля беларускай амбасады ў знак салідарнасці з арыштаванымі анархістамі. Актывісты разгарнулі банер «Смерць дыктатару!» І павесілі на плоце амбасады пудзіла Лукашэнкі. На дадзены момант беларускі рэжым утрымлівае ў засценках анархістаў Дзмітрыя Паліенку і Кірыла Аляксеева», – паведамляе анархісцкі сайт revdia.org.

Украінскія анархісты абяцаюць новыя акцыі пратэсту ля беларускай амбасады.

Глядзі таксама
Каментары