Паўстаў «беларускі радыеактыўны цуд»? Навукоўцы дыскутуюць пра сенсацыйныя змены ў Чарнобыльскай зоне


Аўтарытэтнае навуковае выданне Current Biology апублікавала вялікае даследаванне беларускіх, амерыканскіх і брытанскіх вучоных прысвечанае вяртанню жывёлаў на забруджаныя радыяцыяй землі.

Людзі горшыя за радыяцыю

У артыкуле сцвярджаецца, што няма сувязі паміж колькасцю радыяцыі, што выпала на пэўнай тэрыторыі і колькасцю жывёлаў там. Паводле даследвання, радыяцыйная атрута не ўплывае цяпер на фаўну: у Чарнобыльскай зоне папуляцыя ласёў, ваўкоў, дзікоў, касуляў і лісаў значна павялічылася ў гады пасля аварыі. Цяпер колькасць гэтых гатункаў у Палескім радыеэкалагічным запаведніку прыкладна такая, як у іншых чатырох беларускіх незабруджаных рэзерватах.

«Мы чакалі, што пасля аварыі на ЧАЭС гэты раён стане пустэчай. Але пасля сыходу чалавека пачаліся зваротныя працэсы. Людзі перасталі асушаць багны, займацца сельскай гаспадаркай і проста адстрэльваць жывёлаў. Паўстаў рэзерват, куды прыйшлі звяры. Стварыліся ўмовы, калі колькасць адных гатункаў жывёлаў кантралюецца толькі іншымі гатункамі: напрыклад, папуляцыя дзікоў – ваўкамі», – кажа ў інтэрвію «Белсату» вядучая супрацоўніца Навукова-практычнага цэнтру НАН РБ па біярэсурсам, кандыдат біялагічных навук Любоў Нагорская.

Спецыялістка выступіла арганізатарам даследавання з беларускага боку. «Шмат гадоў маладыя навукоўцы нашага інстытута марнавалі свае сілы і здароўе ў забруджанай зоне, а на Захадзе вынікі іх працы былі невядомыя. Мы арганізавалі гэты працэс, каб прасунуць дадзеныя сярод англамоўнай публікі», – кажа Любоў Нагорская.

Каардынатарам працы стаў прафесар Портсмутскага ўнівэрсітэта ў Англіі Джым Сміт, які працуе ў Беларусі больш за 20 гадоў. Адмысловец упэўнены, што прысутнасць чалавека ўсцяж з’яўляецца галоўным рухавіком зніжэння колькасці жывёлаў.

«Дзікая прырода ў чарнобыльскай зоне выглядае цяпер лепш, чым перад аварыяй. Не таму, што радыяцыя – гэта добра, а таму, што людзі – горш», – кажа Сміт.

Не валіць усё на чалавека

З дадзенымі даследавання ня згодны Цім Мусо, навуковец з Універсітэту Паўднёвай Караліны, які працаваў у чарнобыльскай зоне 15 гадоў. Ён кажа, што метадалогія даследавання не дазваляе зрабіць высновы, ці ўплывае радыяцыя на папуляцыю фаўны. У якасці прыкладу даследчык прыводзіць прыклад іншых месцаў ў Еўропе, дзе былі ўведзеныя суровыя абмежаванні на паляванне. Колькасць касуляў, лісаў і іншых жывёлаў расла там хутчэй, чым на забруджаных беларускіх землях.

Навуковец даследуе якасць жыцця жывёлаў, а не колькасць пэўных папуляцыяў. Мусо кажа, што радыяцыя цалкам знішчыла некаторыя гатункі, асабліва сярод птушак, і стала прычынаю вялікай колькасці генетычных адхіленняў і хваробаў.

«Самы небяспечны перыяд назапашвання радыяцыі арганізмамі – першы год пасля аварыі, і, натуральна, успрымальныя арганізмы загінулі. За апошнія 29 гадоў агульная шчыльнасць забруджвання ў запаведніку знізілася ў 100 разоў», – сцвярджае Любоў Нагорская.

Палескі цуд

Забруджаныя і адчужаныя пасля аварыі на ЧАЭС землі – унікальнае, адзінае месца ў свеце, дзе пасля радыеактыўнай катастрофы створаны запаведнік. Цікавасць міжнароднай навуковай супольнасці да яго высокая – у Беларусі працуюць навукоўцы са Скандынавіі, Нямеччыны, Францыі, Брытаніі. Галоўная праблема, з якой сутыкаюцца спецыялісты – магчымасць доступу на забруджаныя тэрыторыі.

«Запаведнікі не ахвотна ідуць нам насустрач. Беларускаму навукоўцу патрапіць на забруджаную тэрыторыю так сама складана, як і замежніку», – кажа Любоў Нагорская.

Публікацыя ў Current Biology пра ўплыў радыяцыя на млекакормячых стала вынікам аднаго з трох вялікіх міжнародных даследаванняў з удзелам беларусаў. Цяпер навукоўцы рыхтуюць артыкул пра рыбаў.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары