Пасажыры «Germanwings» здымалі катастрофу на відэа


На месцы крушэння аэробуса знойдзены тэлефон, на якім захаваліся апошнія секунды абстаноўкі ў салоне лайнера.

Пра гэта паведамляюць Bild і Paris Match.

На відэа, якое СМІ не сталі выкладваць у інтэрнэт, чуваць, што людзі ведалі пра сітуацыю, Шмат хто на розных мовах крычаў «Божа мой!».

Відэазапіс у кепскай якасці, таму на ім не можна распазнаць твары. Пры гэтым пракурор французскага гораду Марсэль Брыс Рабэн заявіў, што на месцы крушэння знойдзены некалькі мабільных тэлефонаў у дрэнным стане. Іх цяпер вывучае паліцыя і пакуль невядома ці яны будуць прыдатныя для следства.

Самалёт лоўкосцера «Germanwings» пацярпеў крушэнне ў французскіх Альпах 24 сакавіка. Загінулі 150 чалавек. Запіс чорнай скрыні ўказвае на тое, што другі пілот аэробусу наўмысна направіў самалёт на зніжэнне.

Кампанія Lufthansa выдасць 275 мільёнаў еўраў на пакрыццё выдаткаў, звязаных з авіякатастрофай у Альпах.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары