Украіна пастанавіла запрасіць міратворцаў ААН на Данбас


Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны прыняла зварот да ААН і Еўразвязу з запрашэннем міратворчых місій.

Пра гэта паведаміў журналістам сакратар РНБА  Аляксандр Турчынаў па выніках пасяджэння Рады ў сераду.

«Было разгледжана пытанне і прынята рашэнне звярнуцца ў ААН і ЕЗ па разгортванні на тэрыторыі Украіны аперацый дзеля падтрымання міру і бяспекі», – сказаў Турчынаў.

Раней прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка прапанаваў Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны прыняць рашэнне аб запрашэнні на Данбас міратворцаў ААН.

Пра гэта ён паведаміў на адкрыцці пасяджэння Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны ўвечары 18 лютага, інфармуе pravda.com.ua.

Парашэнка паведаміў, што прадугледжваў, што баевікі і Расея, якая іх падтрымлівае, не выканаюць умоваў «менскіх дамоўленасцяў» аб спыненні агню, а таму ўжо абмеркаваў з удзельнікамі сустрэчы ў Менску пытанні магчымага ўвядзення міратворцаў ААН.

«Я прапаную вам абмеркаваць запрашэнне міратворчай місіі ААН, якая будзе дзейнічаць у адпаведнасці з мандатам Рады бяспекі ААН. Лепшы для нас фармат – гэта паліцэйская місія Еўразвязу», – заявіў Парашэнка.

Акрамя таго, прэзідэнт прапанаваў Радзе нацыянальнай бяспекі ўнесці змены ў закон аб ваенным становішчы, а таксама абмеркаваць пытанні правядзення на тэрыторыі Украіны сумесных ваенных вучэнняў Украіны і воінскіх фармаванняў іншых дзяржаў.

МЯ, паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў