Парашэнка памаліўся ў Мадрыдзе, каб Украіна атрымала «дазвол» на аўтакефалію УПЦ


Пётр Парашэнка з жонкаю ў Кафедральным саборы Альмудэна ў Мадрыдзе. 2 чэрвеня 2018 г. Фота – president.gov.ua

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка спадзяецца на станоўчае рашэнне сінода Сусветнага патрыярхату аб прадстаўленні Томаса (указ) аб аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царквы (УПЦ) да 1030 гадавіны Хрышчэння Русі (будзе адзначацца 28 ліпеня).

Пра гэта ён заявіў падчас удзелу ў малітве за мір ва Украіне разам з украінскай грамадою Іспаніі, якая адбылася 3 чэрвеня ў Кафедральным саборы Альмудэна ў Мадрыдзе, паведамляе прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта. 2 чэрвеня кіраўнік Украіны наведаў Іспанію з афіцыйным візітам.

«Перамога – гэта не толькі вызваленне ўкраінскай зямлі. Перамога – гэта калі ўпершыню больш чым за 300 гадоў ва Украіне з’явіўся рэальны шанец стварыць Адзіную памесную праваслаўную і галоўнае – украінскую царкву», – сказаў Парашэнка.

«І мы молімся, каб да 1030-х угодкаў Хрышчэння Украіны-Русі святым роўнаапостальным князем Уладзімірам Гасподзь дараваў нам гэты Томас», – дадаў Парашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што звярнуўся да патрыярха Варфаламея з просьбаю дазволіць аўтакефалію 9 красавіка, падчас свайго візіту ў Стамбул.

Патрыярх УПЦ Кіеўскага патрыярхату Філарэт падтрымаў рашэнне Пятра Парашэнкі. У афіцыйнай заяве прэс-службы УПЦ Маскоўскага патрыярхату гаворыцца, што «такія дзеянні украінскай дзяржавы ў царкоўнай сферы маглі б быць апраўданыя ў выпадку, калі б царква мела заканадаўча замацаваны дзяржаўны статус». Акрамя таго ў заяве адзначаецца, што прэзідэнт Украіны ўмешваецца ў царкоўныя справы ды злоўжывае ўладаю.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў