Папугаяў выратавалі ад спалення, але што сталася з птушкамі далей?


Канфіскаваныя ў жыхара Баранавічаў папугаі

Дзякуючы працы журналістаў, у тым ліку прадстаўнікоў Belsat.eu, удалося абараніць ад спалення папугаяў, канфіскаваных на беларуска-ўкраінскай мяжы. Які лёс чакаў іх далей – не ведае дакладна ніхто.

Мазырскія памежнікі спынілі 9-га лютага непадалёк ад украінскай мяжы аўтамабіль з 440 птушкамі – амадынамі, хвалістымі і німфавымі папугаямі ды разэламі. Дакументаў на птушак не было, таму папугаяў канфіскавалі. У 2008 годзе падобны прэцэдэнт скончыўся спальваннем канфіскаваных птушак.

Гэтаю справаю зацікавіўся Belsat.eu, які спрабаваў высветліць далейшы лёс птушак ды звязаўся з мазырскім памежным атрадам, а таксама з Лельчыцкай ветэрынарнай службай, дзе пацвердзілі, што канфіскаваных папугаяў перадалі ім на ўтрыманне.

«Вялікі дзякуй за дапамогу з распаўсюдам інфармацыі пра папугаяў. Дзякуючы нашым сумесным намаганням атрымалася перадухіліць жорсткае спаленне птушак. Па стане на ўчорашні вечар было вядома, што ветэрынарная служба прызнала птушак здаровымі і гатовая была перадаць Менскаму заапарку», – гаворыцца ў сумеснай заяве Беларускай партыі «Зялёныя» і грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Менскі заапарк рыхтаваўся прыняць птушак, у той жа час валанцёры рыхтавалі клеткі, транспарт, дапамогу з далейшым размеркаваннем птушак на пастаяннае месца жыхарства.

Сёння раніцай прадстаўнік Лельчыцкай ветслужбы Кудласевіч Канстанцін паведаміў, што птушак перадалі ў Баранавічы на ​​часовае захоўванне «гаспадару» – гэта значыць чалавеку, у якога іх канфіскавалі непадалёк ад мяжы – каб утрымліваць іх да вырашэння юрыдычных пытанняў і магчымай перадачы ў заапарк.

У сваю чаргу «гаспадар» найперш заявіў, што ягоная маці выпусціла птушак у акно, і яны паляцелі. Потым ён настойваў, што птушак яму не перадавалі ды іх у яго няма. Калі іх сапраўды выпусцілі на вуліцу, то іх можа чакаць пагібель на марозе. Вінаваты тады мае быць пакараны паводле артыкулу за жорсткае абыходжанне з жывёлінамі (артыкул 15.45 Кодэксу адміністрацыйных правапарушэнняў Беларусі).

Belsat.eu высвятляў, на якіх падставах птушак перадалі чалавеку, які, магчыма, вёз іх кантрабандай, ды хто адказны за кантроль над сітуацыяй?

Галоўны ветэрынар Лельчыцкай ветслужбы Канстанцін Кудласевіч заўважыў, што «папугаі жывуць і радуюцца», але іх у ветлякарні цяпер няма.

«Папугаі цяпер ва ўладальніка. Хто сказаў, што ён кантрабандыст? Яго затрымалі ў памежнай паласе, але птушак праз мяжу ён не перавозіў. Гэта пытанне да памежнікаў. Далей без каментароў…» – сказаў Belsat.eu спадар Кудласевіч.

Начальнік Мазырскага памежнага атраду Алег Эйбатаў заўважыў, што «папугаі імаверна знаходзяцца ў Лельчыцкай ветслужбе».

«Калі памежны атрад затрымлівае кантрабанду ці правапарушальнікаў, то перадае тым органам, якія ўпаўнаважаныя прымаць рашэнні», – адзначыў палкоўнік Эйбатаў.

Ён заўважыў, што ў дачыненні да мужчыны, які вёз 440 папугаяў, вядзецца праверка. Пакуль яму не выставілі ніякага абвінавачання.

Паводле палкоўніка Алега Эйбатава, памежнікі – гэта вайсковыя людзі і звычайна не ахоўваюць папугаяў, а мусяць дбаць пра парадак на дзяржаўнай мяжы. На ягоную думку, птушкамі мае займацца Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. «Мы згодныя з тым, што папугаі мусяць жыць і нас радаваць», – заўважыў начальнік Мазырскага памежнага атраду.

Прэс-сакратар Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мая Ендэладзэ паведаміла Belsat.eu, што не ведае, дзе знаходзяцца папугаі. Міністэрства ж рэкамендавала мазырскім памежнікам перадаць птушак у Менскі заапарк.

«З нашага боку была рэкамендацыя, куды аддаць птушак. Мы прапісалі ўмовы, у якіх папугаі маюць утрымлівацца. Але гэта была толькі нашая ініцыятыва, ніхто да нас афіцыйна не звяртаўся. Мы даведаліся пра гэтую справу з сайтаў, з інтэрнэт-прасторы. Гэта была нашая добрая воля ўзняць гэтае пытанне ды яго вырашыць», – заўважыла Мая Ендэладзэ.

Прэс-сакратар міністэрства падкрэсліла, што няма логікі аддаваць папугаяў таму, ад каго іх пару дзён таму канфіскавалі. Пры гэтым пакуль не высветлена, ці птушкі не былі кантрабандай.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары