Палякі абураныя заявай Алексіевіч пра стаўленне да габрэяў падчас Другой сусветнай вайны

video

Святлана Алексіевіч апынулася ў цэнтры міжнароднага скандалу. Падчас свайго выступу ў Нью-Ёрку пісьменніца дала свае ўласныя ацэнкі падзеям Другой сусветнай вайны.

«Я вам больш скажу. У той жа, напрыклад, карнікі, якія працавалі на тэрыторыі Беларусі, яны былі ўсе з Украіны. І больш таго, у Літве, Латвіі габрэяў знішчылі яшчэ да таго, як паспелі прыйсці немцы. Але гэта было і ва Украіне. І вы ведаеце, што рабіла Польшча з габрэямі… Ёсць розны час, і сёння людзі, якія жывуць у Латвіі, ці нясуць яны адказнасць за тое, што рабілі іх бацькі? У вышэйшым сэнсе – нясуць! Адзін з маіх знаёмых журналістаў у Польшчы напісаў, што палякі рабілі з габрэямі. Палякі горш за ўсіх ставіліся да габрэяў. Ксяндзы ў пропаведзях казалі: «забі габрэя!», – сказала Святлана Алексіевіч.

На гэтыя словы адрэагавалі ў Варшаве. Міністэрства замежных справаў Польшчы распаўсюдзіла заяву, у якой падкрэсліваецца, што выказванні Алексіевіч«несправядлівыя» і не падмацаваныя фактамі.

«Такога роду заявы не падмацаваныя фактамі і ў вышэйшай ступені несправядлівыя, а таксама наносяць шкоду польскаму народу. Нагадаем, што падчас Другой сусветнай вайны пакараннем, прызначаным нямецкімі акупацыйнымі ўладамі для тысяч палякаў, у тым ліку шматлікім гераічным прадстаўнікам польскага духавенства, якія ратавалі габрэяў, была смяротнае пакаранне», – гаворыцца ў афіцыйнай заяве польскага МЗС.

Святлана Алексіевіч летась атрымала Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Пісьменніца неаднаразова апыналася ў цэнтры публічных скандалаў, у тым ліку ў нашай краіне, у сувязі з набыццём нерухомасці ў гэтак званым, менскім доме Чыжа. Таксама Алексіевіч крытыкавалі прадстаўнікі расейскай літаратурнай супольнасці.

ЮВ, belsat.eu, паводле tvp.info

Глядзі таксама
Каментары