Палітвязня Мікалая Дзядка трымалі ў штрафным ізалятары 20 дзён


Турэмная адміністрацыя пакарала яго за парушэнне ўстаноўленай для зняволеных формы адзення. Пра гэта праваабаронцам паведаміў бацька палітвязня Аляксандр Дзядок.

Палітвязень Мікалай Дзядок, які адбывае пакаранне ў Магілёўскай турме №4, правёў у штрафным ізалятары 20 сутак.

Літаральна праз дзень пасля дня народзінаў, 23 жніўня, Мікалаю вынеслі чарговае пакаранне – 20 сутак ШІЗА. паведамляе праваабрончы цэнтр “Вясна”.

Палітвязня Мікалая Дзядка ўзялі пад варту 3 верасня 2010 г., асудзілі 27 траўня 2011 г. Паводле артыкулу аб зацятым хуліганстве. Рашэннем суду ад 5 снежня 2012 г. умовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, пераведзены з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 г. Магілёва. Мае больш за 20 спагнанняў ад адміністрацыі калоніі і турмы.

Турма ў турме

У штрафным ізалятары правы асуджанага значна абмяжоўваюцца, а ўмовы ўтрымання можна параўнаць з катаваннем. Вязням у ШІЗА не выдаюць матрацаў, коўдраў і бялізны, з сабою дазваляюць узяць толькі пару шкарпэтак, трусы, рабочы касцюм і адну майку. З абутку – толькі тапкі.

Нары на дзень прышпільваюцца да сценаў, стол у камеры зазвычай памерам 20х30 см, замест зэдлікаў – прывараныя да падлогі сядушкі, меншыя за палову дзіцячага зэдліка. Большую частку содняў асуджаныя змушаныя праводзіць стоячы – сядзець і ляжаць на падлозе нельга пад пагрозаю новага пакарання. Некалькі разоў на дзень вязняў у ШІЗА абшукваюць, змушаючы поўнасцю распранацца і прысядаць.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў