Пакупнік на пустым рынку: Я веру прэзідэнту, дай Бог, каб наш прагрэс працягваўся!

video

Першы дзень працы беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў у рэаліях указу № 222. На рынку ў Ждановічах, гандлёвых цэнтрах «Заходні», «Манетка» і «Экспабел» у Менску, як і на шмат якіх іншых гандлёвых пляцоўках у рэгіёнах – большасць павільёнаў стаіць пустая. Магчыма яшчэ адпачываюць пасля святаў?

АНАТОЛЬ ШУМЧАНКА, ГРАМАДСКАЕ АБʼЯДНАННЕ «ПЕРСПЕКТЫВА»:
«Заўсёды ў першыя дні пасля Новага года – актыўны гандаль быў. І ў выходны – тым болей. І тое, што людзі сёння не выйшлі – гэта вельмі сурʼёзны знак. Гэта знак таго, што сапраўды ў нас праблемы – гэта ніякія не адпачынкі – гэта мы сапраўды прыпынілі працоўную дзейнасць праз законы і ўказы, што прынялі ў наш адрас».

Згодна з указам № 222, прадпрымальнікі, што гандлююць вырабамі замежнай лёгкай прамысловасці, мусяць мець адпаведныя сертыфікаты на кожную адзінку тавару. Інакш – штраф, мінімум 200 базавых велічыняў. Паколькі ні Расея, ні пагатоў Кітай не збіраюцца выдаваць такія дакументы, напярэдадні Новага года бізнесоўцы намагаліся прадаць, як мага болей, хоць бы і з высокімі зніжкамі.

ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ГАНДЛЁВАГА ЦЭНТРУ «МАНЕТКА»:
«То бок трэба трымаць вялікі асартымент, і калі на кожную рэч рабіць сертыфікат – атрымліваецца вельмі дорага, вельмі. То бок адну рэч трэба аддаць і яшчэ заплаціць за сертыфікат. Атрымліваецца ўвогуле неканкурэнтназдольна. Пакуль не ведаю – пакуль я іду ў адпачынак».

«Я заўсёды рабіла сертыфікаты – працавала з дзіцячай вопраткай, таму я ведаю, што гэта такое. А цяпер – не сертыфікаты, а збор грошай – людзей загналі ў такі стан, што… вы самі разумееце».

У апошні дзень гандлю пакупнікі таксама не хавалі свайго расчаравання, але трагедыі не бачылі.

«Ну, агулам я жыву з рынку – ня ведаю, дзе я буду штосьці набываць са сваёй пенсіяй – у мяне два мільёны пенсіі».

«Я лічу – айчынная вытворчасць для нас дарагаватая – імпартнае нават танней. Да таго ж шмат закрыецца і людзі будуць без працы і працы не знайсці…»

«А я спадзяюся, што наш прэзідэнт нас пачуе і штосьці зменіць».

«Спадзяемся, канешне!»

Ці варта чакаць добрых зменаў? Самыя прадпрымальнікі сумняюцца.

ВЕЧАСЛАЎ ПІЛІПУК, ПРАДПРЫМАЛЬНІК, АКТЫВІСТ ГА «ПЕРСПЕКТЫВА»:
«Мы думаем, што ўлады да апошняга не будуць прымаць ніякіх рашэнняў і будуць стаяць на ранейшым, чаму? Бо яны хочуць паглядзець, колькі прадпрымальнікаў засталося на месцах».

Схадзілі паглядзець на гэта і менчукі. Убачылі пустыя павільёны, але апытаныя намі няўдалыя пакупнікі не асабліва пераймаюцца.

«Ну, давядзецца штосьці дзесьці шукаць, а так было – заехаў на Камароўку, купіў прадуктаў і тут прайшоў – канешне невыгодна зрабілі».

«Наш прэзідэнт гаворыць, што гэта як бы пераход ад планавай эканомікі, што была ў Савецкім Саюзе, да рынкавай. Я веру яму і дай Бог, каб наш прагрэс працягваўся!»

Пакуль, што перагляд 222-га ўказу, нягледзячы на неаднаразовыя просьбы бізнесоўцаў не плануецца. А звыклыя да цяжкасцяў беларускія прадпрымальнікі, вяртацца на рынкі не збіраюцца.

УШ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары