Паэтычны паблік-арт: берасцейская мастачка намалявала Купалу


Мастачка Ганна Яцкевіч працягвае праект «Вулічныя вершы» – на адным з будынкаў у Берасці зʼявілася выява Янкі Купалы з радкамі з вершу «Не шукай».

Берасцейская мастачка і дызайнерка распачала праект «Вулічныя вершы» амаль год таму з выявы Максіма Багдановіча – партрэт і вядомая цытата паэта зʼявіліся на будынку ў цэнтры Берасця.

Мэтай праекту Ганна бачыць папулярызацыю беларускай мовы і культуры праз паблік-арт. На сценах берасцейскіх будынкаў з’явяцца вядомыя радкі беларускіх паэтаў: Максіма Багдановіча (Жывеш ня вечна, чалавек, – Перажыві ж у момант век!), Якуба Коласа (Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы) і Янкі Купалы (Не шукай ты шчасця, долі. На чужым, далёкім полі). Праект Ганна рэалізуе з арганізацыяй «Дзедзіч», партрэт Багдановіча і зʼявіўся на будынку офісу гэтай арганізацыі.

Янка Купала намаляваны на будынку цырульні «Лакон» на аднайменнай з імем беларускага класіка вуліцы.

«Далей у нас будзе Колас, яго, напэўна, будзем маляваць у цэнтры. Але для гэтага яшчэ трэба знайсці пляцоўку, так што чакаю прапановаў. Лічу, што класіку трэба ведаць і гэта добры шлях, каб людзям, якія проста ідуць на вуліцы данесці нешта новае, каб яны пачыталі гэтыя радкі, пабачылі чалавека, – гаворыць Ганна Яцкевіч. – Я бачу, што рэагуюць на маю творчасць вельмі станоўча. І мне гэта прыемна: людзі кажуць што цудоўна што ў іх завадскім раёне зʼявіўся такі малюнак».

Янка Купала – народны паэт Беларусі, драматург, публіцыст, класік беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы.

Алесь Ляўчук, Мілана Харытонава (фота) belsat.eu

Стужка навінаў