Падпісаны «рэвалюцыйны» дэкрэт аб развіцці лічбавай эканомікі


Сёння на сустрэчы з прадстаўнікамі бізнесу Аляксандр Лукашэнка заявіў аб падпісанні дэкрэту аб развіцці лічбавай эканомікі, які атрымаў нефармальнае назву «дэкрэт аб ПВТ 2.0».

«Дэкрэт яшчэ да падпісання ў прэсе часам называлі рэвалюцыйным. Па сутнасці ён такім і з’яўляецца. У Беларусі сапраўды ствараюцца адны з лепшых у свеце ўмоў для развіцця ІТ, хай-тэка ў цэлым, бізнэсаў на аснове тэхналогіі блокчэйн і шмат чаго іншага. Казаць пра дэкрэт шмат няма сэнсу – яго нормы кажуць самі за сябе », – пракаментаваў дакумент кіраўнік Адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій (ПВТ) Усевалад Янчэўскі.

Паводле слоў бізнесоўца Віктара Пракапені, «высокія тэхналогіі – гэта «порах», новы эфектыўны спосаб канкурэнцыі ў сусветнай эканоміцы і не выкарыстоўваць іх – значыць загінуць».

Дэкрэт прадугледжвае пералік з 38 відаў дзейнасці ў сферы высокіх тэхналогій, сярод якіх:

– стварэнне, навучанне нейронавых сетак і іншых алгарытмаў ў спецыялізаваных раздзелах штучнага інтэлекту, рэалізацыя вынікаў гэтай дзейнасці;

– распрацоўка, абслугоўванне, эксплуатацыя і рэалізацыя сістэм беспілотнага кіравання транспартнымі сродкамі;

– распрацоўка або этапы распрацоўкі медыцынскіх тэхналогій, біятэхналогій, рэалізацыя вынікаў такіх распрацовак;

– дзейнасць па выданні праграмнага забеспячэння;

– адукацыйная дзейнасць у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, у тым ліку праз інтэрнэт, па праграмах, якiя зацвярджаюцца адміністрацыяй ПВТ;

– аказанне паслуг, звязаных са стварэннем і размяшчэннем лічбавых знакаў (токенаў), уключаючы паслугі па прасоўванні і іншыя спадарожныя паслугі;

– дзейнасць біржы крыптавалютаў;

– майнінг ды інш.

Назіральны савет ПВТ па сваім рашэнні мае права вызначаць таксама іншыя віды дзейнасці.

Дэбюракратызацыя ПВТ

Дэкрэт прадугледжвае наступныя спрашчэнні ўмоў працы для рэзідэнтаў ПВТ:

– адмяняецца дазвольны парадак на адкрыццё рахункаў у банках-нерэзідэнтах;

– спрашчаецца парадак правядзення разлікаў з выкарыстаннем электронных грошай;

– дазваляецца праводзіць у паведамляльным парадку валютныя аперацыі, звязаныя з рухам капіталу;

– рэзідэнтам ПВТ прадастаўляецца права пры здзяйсненні гаспадарчых аперацый з нерэзідэнтамі аднаасобна складаць першасныя ўліковыя дакументы;

– афармляць аднастайныя гаспадарчыя аперацыі адным першасным уліковым дакументам;

– выкарыстоўваць у якасці першаснага ўліковага дакумента выходны ад нерэзідэнта і складзены на англійскай мове дакумент ды іншыя.

Ільготы

Акрамя таго, падаўжаюцца існуючыя ў ПВТ ільготы, а для прадуктовых кампаній уводзяцца новыя.

У прыватнасці:

– зьніжаная стаўка падаходнага падатку (9%), плацяжоў у ФСАН, разлік ідзе ад сярэдняй зарплаты па краіне, а не ад фактычнай;

– вызваленне ад падатку на прыбытак і ПДВ (па агульным правіле), замест гэтага рэзідэнты ПВТ выплачваюць 1% ад валавой выручкі ў карысць адміністрацыі ПВТ.

Сярод новаўвядзенняй таксама і вызваленне ад ПДВ, які ўзнікае ў нерэзідэнта, які аказвае маркетынгавыя, рэкламныя, кансультацыйныя і некаторыя іншыя паслугі. Да таго ж ўстанаўліваецца стаўка падатку на прыбытак замежных арганізацый, якія не працуюць у Беларусі праз пастаяннае прадстаўніцтва, у памеры 0% у дачыненні да шэрагу катэгорый прыбыткаў, якiя атрымлiваюцца ад беларускіх крыніц.

Субʼекты эканомікі вызваляюцца ад падаткаабкладання дзейнасці, звязанай з крыптавалютамі і майнінгам.

Субсідыярная адказнасць адмяняецца

Дэкрэтам прадугледжана, што ў выпадку банкруцтва рэзідэнта ПВТ субсiдыярная адказнасць па абавязацельствах такой юрыдычнай асобы не можа быць ускладзена на ўласніка яго маёмасці, заснавальнікаў або іншых асоб, у тым ліку кіраўніка, за выключэннем выпадкаў, калі банкруцтва выклікана дзеяннямі такіх асоб, якія пацягнулі прыцягненне іх да крымінальнай адказнасці.

Новыя прававыя інстытуты

Дэкрэтам у якасці прававога эксперыменту ўводзяцца новыя прававыя інстытуты ( «англійскае права»). У сувязі з гэтым рэзідэнтам ПВТ дазволена заключаць з трэцімі асобамі наступныя дамовы:

– дамова канверсуемай пазыкі;

– пагадненне аб кампенсацыі маёмасных страт;

– пагаднення аб неканкурэнцыі з працаўнікамі, пры ўмове выплаты працаўніку сярэдняга заробку за перыяд, калі працаўнік абмежаваны ў праве сысці да канкурэнта і шэраг іншых.

Блокчэйн і майнінг

Дэкрэт павінны стварыць умовы для ўкаранення ў эканоміку Беларусі тэхналогіі блокчэйн і выкарыстання крыптавалютаў.

Юрыдычныя асобы маюць права ствараць і размяшчаць уласныя токены ў Беларусі і за мяжой праз рэзідэнтаў ПВТ, набываць, адчужаць токены і здзяйсняць з імі іншыя аперацыі праз біржы крыптавалютаў, аператараў абмену крыптавалютаў.

Устаноўлена, што майнінг, набыццё, адчужэнне токенаў, якія ажыццяўляюцца фізічнымі асобамі, не зʼяўляюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

ІТ-бязвіз

Замежныя грамадзяне, якія заключылі працоўную дамову з рэзідэнтам ПВТ, маюць права працаваць без атрымання спецыяльнага дазволу.

Таксама ўстанаўліваецца бязвізавы парадак уезду ў Беларусь для замежных грамадзян, якія наймаюцца на працу рэзідэнтамі ПВТ, а таксама для заснавальнікаў рэзідэнтаў ПВТ.

КА, belsat.eu, паводле tut.by/dev.by/belta.by

 

Стужка навінаў