«Падземнае Берасце». «Белсат» прэзентаваў новую праграму: «Загадкі беларускай гісторыі»


Аўтар і вядоўца праграмы – прафесар Аляксандр Краўцэвіч. Выбітны беларускі навуковец і папулярызатар гісторыі падарожнічае па мясцінах, якія захоўваюць таямніцы нашай мінуўшчыны.

Аляксандр Краўцэвіч: «Я распавяду невядомую і малавядомую гісторыю Беларусі. Прадстаўлю яе навукова і з пункту гледжання беларускага нацыянальнага інтарэсу».

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

Сяргей Пеляса, рэдактар гістарычных праграмаў «Белсату», аўтар ідэі праграмы: «Прафесар Краўцэвіч будзе час ад часу на месцы гістарычных падзеяў сустракацца з мясцовымі знаўцамі мінуўшчыны, гісторыкамі, краязнаўцамі, архітэктарамі, каб разам шукаць развязання загадкі».

Аляксандр Краўцэвіч: «Сёння шмат якія перыяды і цэлыя эпохі беларускай гісторыі выглядаюць адной суцэльнай загадкай, бо пра іх амаль нічога невядома, а тое, што вядома, часта перакручаная да непазнавальнасці ці з’яўляецца набыткам адно вузкага кола спецыялістаў».

Цяпер таямніцы даступныя толькі даследнікам стануць вядомыя гледачам «Белсату».

Аляксандр Краўцэвіч: «Беларусаў стагоддзямі адлучалі ад сваёй гісторыі. Такая была дзяржаўная палітыка. Але то была палітыка не беларускай дзяржавы, а той, якая Беларусь акупавала. Таму цэлыя пласты беларускай гісторыі забаранялася даследаваць, шмат тэмаў замоўчваліся ці свядома фальшаваліся. У савецкія часы нават студэнты-гісторыкі нічога не ведалі пра бел-чырвона-белы сцяг і Пагоню.

[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

Папярэдняя праграма «Белсату» на гістарычную тэматыку, «Гісторыя пад знакам Пагоні», паказвала мінуўшчыну храналагічна. Яе выданні сталі надзвычай папулярныя, пра што сведчыць колькасць праглядаў на «Youtube». Аляксандр Краўцэвіч удзельнічаў у стварэнні «Гісторыі пад знакам Пагоні» як гістарычны кансультант і эксперт у кадры.

Сяргей Пеляса: «Цягам 7 гадоў наша каманда стварыла больш як 150 серыяў, якія ахопліваюць гісторыю ад з’яўлення чалавека на нашых землях да абвешчання Беларускай народнай рэспублікі. У новым цыкле мы адмовіліся ад лінейнасці».

Загадкі будуць тычыцца розных эпох, ад ранняга сярэднявечча да XXI ст. Першую серыю, пра падземнае Берасце, мы паказалі 7 чэрвеня. Глядзіце новую праграму ў эфіры «Белсату» альбо онлайн на нашай інтэрнэт-старонцы штонядзелю, а 20:45. Першы сезон будзе складацца з 14 серыяў і працягнецца да канца жніўня. Усе серыі можна будзе паглядзець на «Youtube» у высокай якасці.

 

Сяргей Пеляса: «Новая праграма «Белсату» – гэта тэлеэкспедыцыя, ў якую можна выбрацца не толькі перад экранам. Я заахвочваю нашых гледачоў самастойна адкрываць загадкі гісторыі і дзяліцца імі».

Калі цыкл спадабаецца, то ёсць надзея на яго працяг, а таму просім дасылаць вашыя гістарычныя загадкі праз наш профіль у сацыяльнай сетцы «Facebook», а таксама дзяліцца з намі сваймі водгукамі пра новую праграму.

belsat.eu

Стужка навінаў