Пад Магілёвам з цягніка знялі двух няпоўнагадовых «зачэпераў»

video

Відэа, знятае «зачэперамі»

12 лютага два хлопцы з Магілёва (аднаму 15 гадоў, другому 17) вырашылі пракаціцца на цягніку незвычайным чынам.

Да паездкі яны рыхтаваліся, узяўшы з сабой сэлфі-палку ды камеру «GoPro», адзначаецца ў паведамленні на сайце УУС Магілёўскага аблвыканкаму.

Падлеткі прыйшлі на станцыю «Лупалава», дзе селі ў цягнік рэгіянальных лініяў эканом-класу «Магілёў – Крычаў». Праехаўшы ў тамбуры да станцыі «Бароўка», маладзёны выйшлі і зачапіліся за цягнік звонку, стаўшы на падножкі цеплавозу, які знаходзіўся ў канцы складу цягіку.

Такім чынам яны праехалі да станцыі «Дары», агулам пераадолеўшы каля 10 кіламетраў. Што праўда, іх заўважыў машыніст, а таму на станцыі хлопцы спрабавалі ўцячы: аднаго з іх дагналі і перадалі супрацоўнікам Інспекцыі па справах няпоўнагадовых Магілёўскага аддзелу ўнутраных справаў на транспарце. Ягонага сябра затрымалі цягам гадзіны.

У адносінах да падлеткаў складзеныя пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях паводле ч. 1 арт. 18.4 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях («Парушэнне правілаў карыстання сродкамі чыгуначнага транспарту»). Санкцыя артыкула, адказнасць па якіх наступае з 14 гадоў, прадугледжвае штраф у памеры ад 0,6 да 3 базавых велічыняў.

Праваахоўнікі раяць бацькам звярнуць увагу на тое, чым займаюцца дзеці ў вольны час. Варта даведацца, якія відэаролікі глядзяць дзеці і публікуюць у сябе на старонцы ў сацсетках, адзначаюць міліцыянты, каб выключыць рызыку для жыцця і здароўя, якой могуць сябе падвяргаць падлеткі.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары