Пад беларускай амбасадай у Бішкеку: Лукашэнка аддай Бакіева


Людзі патрабуюць ад беларускіх уладаў прыняць рашэнне аб экстрадыцыі экс-прэзідэнта Кыргызстану і яго сям’і.

Пад сценамі беларускай амбасады ў Бішкеку сабралася каля 50 асобаў, – паведамляе interfax.by. Падчас акцыі людзі скандавалі: «Жаныш Бакіеў – забойца», «Беларусь, не хавайце забойцаў».

Удзельнікі акцыі перадалі прадстаўніку беларускай амбасады ліст з патрабаваннем экстрадаваць Курманбека Бакіева, яго малодшага брата Жаныша і некаторых высокапастаўленых асобаў з МУС, якія збеглі з краіны пасля рэвалюцыі 2010 г.

На радзіме Бакіева і яго брата завочна асудзілі на пажыццёвае зняволенне за масавы расстрэл дэманстрацыі ў красавіку 2010-га, у выніку якога загінула больш за 70 чалавек. Пасля рэвалюцыі ў Кыргызстане сям’я Бакіевых скарысталася падтрымкай Аляксандра Лукашэнкі і збегла ў Беларусь.

Сёлета прэзідэнт Кыргызстану Алмазбек Атамбаеў абвінаваціў Менск у сяброўстве са злодзеямі. Улады Беларусі выдаюць «бандытам» беларускія пашпарты, дзяржаўныя ўзнагароды і «віншуюць з юбілеямі», – адзначае кіраўнік Кыргызстану.

Міністэрства замежных спраў Беларусі адрэагавала на гэтыя словы афіцыйнай заявай на сваёй старонцы.

«Няма сэнсу каментаваць абразлівыя паралелі і выказванні кіраўніцтва Кыргызстану адносна Беларусі. Такія эмацыйныя заявы былі б немагчымыя на ўзроўні лідара цывілізаванай дзяржавы», – гаворыцца ў заяве.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў