Пачаліся арышты кіраўніцтва ЖКГ. Але хто вінаваты насамрэч?


Відавочна, нават Лукашэнку прыйшла «жыроўка» за рэзідэнцыю». Гэтак жартавалі інтэрнаўты, каментуючы рэзкае выказванне кіраўніка Беларусі, якое прагучала ў панядзелак.

«Апраніце кайданкі тым, хто не выканаў даведзеныя згодна з маім распараджэннем ды ўраду гэтыя тарыфы. Вы мяне зразумелі?», – абураецца Аляксандр Лукашэнка.

Зразумелі, і прычым літаральна. Камітэт дзяржкантролю разам з Генеральнаю пракуратураю распачаў правяранні па ўсёй краіне, якія ўжо прынеслі першы плён.

«13 крымінальных справаў заведзеныя сёння ў дачыненні службовых асобаў прадпрыемстваў ЖКГ», – інфармуе дыктар тэлеканалу СТВ.

Згодна з інфармацыяй КДК, гэтыя асобы нанеслі шкоду дзяржаўным інтарэсам у жыллёва-камунальнай сферы. А таксама беспасярэдне грамадзянам Беларусі, якія, аднак, вінаватых бачаць на зусім іншым узроўні ўлады.

«Пры чым тут камунальнікі? Ім далі «адмашку», яны зрабілі. А зараз прэзідэнт зрабіў «адмашку» у адваротны бок, яны зноў будуць пералічваць», – даводзіць мінак. «Яны ўсе маленькія працаўнікі, ім што далі, тое яны і выконваюць», – мяркуе жанчына.

«У нас усе загады распрацоўвае міністэрства эканомікі. Значыць, хто вінаваты? Міністэрства эканомікі», – падсумоўвае мужчына.

Яшчэ адно пытанне, якое задаюць не толькі грамадзяне, але і эксперты: калі камунальнікі і вінаватыя, то чаму праваахоўнікі ды кантралёры не заўважылі гэтага раней?

«Дзе быў Дзяржкантроль, МУС? Калі гэтыя ўсе рашэнні прымаліся. Дзе Савет міністраў быў? Дзе іншыя міністэрствы былі? Я лічу, што гэта стрэлачнікі», – Алег Волчак, былы следчы пракуратуры.

Тым больш, што лупцаванне Лукашэнкам нядобрасумленных чыноўнікаў – прыём зусім не новы.

Але сапраўдны герой не толькі выкрывае злачынную сетку, але і прапаноўвае элегантнае развязанне праблемы. Гэтак, новым загадам Лукашэнкі, у ягоны рэзервавы фонд з сёлетняга бюджэту маюць трапіць Br 8 трыльёнаў на сацыяльную дапамогу мала забяспечаных семʼяў. Грошы пойдуць у тым ліку і на фінансаванне выдаткаў на ЖКГ.

«Пазіцыя мне незразумелая. Калі трэба было закрыць дзіркі ў ЖКГ, то гэта можна з бюджэту. Навошта перакідваць грошы ў фонд і адтуль пераразмяркоўваць?». – рытарычна пытаецца Алег Волчак.

Але ж «дапамога з прэзідэнцкага фонду» робіць на электарат значна большае ўражанне. Хоць, як тлумачыць палітык і былы шклоўскі камунальнік Рыгор Кастусёў, па факце ўсе гэтыя грошы і так належаць падаткаплатнікам.

«Зараз гэтыя грошы людскія народныя ён спрабуе дзяліць. І хоча паказацца такім Робін Гудам, хоча паказаць, што ён вельмі хвалюецца за людзей», – упэўнены Рыгор Кастусёў, былы дырэктар шклоўскага абʼяднання ЖКГ.

А калі патлумачыць прасцей…

«Я сёння ў вас забраў 5 рублёў, ну а заўтра вам аддаю 3 рублі. І хачу, каб вы за гэтыя тры рублі радаваліся. Але ж вы ведаеце, што ўчора я забраў 5 рублёў. Вось такая сітуацыя адбываецца ў Беларусі», – дадае Рыгор Кастусёў.

А разам з гэтым відавочны і адказ, на каго насамрэч трэба надзяваць кайданкі за нанясенне шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам краіны.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Стужка навінаў