Па факце збіцця аднаго з «графітыстаў» завялі крымінальную праву

video

Фігурант «справы графітыстаў» Вячаслаў Касінераў даведаўся пра крымінальную справу ў дачыненні да праваахоўніка, які затрымліваў хлопца.

Інцыдэнт адбыўся 11 жніўня. Вячаслаў узгадвае, што праз два-тры тыдні пасля таго, як ён выпісаўся са шпіталя, а зламаная сківіца ўсё яшчэ была зашыніраваная, яго выклікала следчая Ю.Грамадская, якая вельмі доўга і падрабязна распытвала, як адбывалася затрыманне.

«Рознымі намёкамі спрабавалі вывесці мяне на тое, што мажліва мяне выпадкова зачапілі, калі адчынялі дзверы, ці можа я недзе там паслізнуўся і зламаў сківіцу аб лесвіцу, ці можа я ўжо сядзеў у хаце са зламанай сківіцай і чакаў налёту. Вядома, што ўсё было інакш, і я гэта падрабязна адзначыў. Як потым аказалася, на момант размовы следчыя ўжо даглядзелі аўтобус, у якім мяне перавозілі, і там нібыта знайшлі маю кроў, а мне нават абяцалі зрабіць вочную стаўку з тым САХРаўцам (байцом Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання), які мяне збіваў. Але потым усё заціхла на месяцы. І вось літаральна на днях прыйшло паведамленне пра тое, што ўсё ж такі крымінальная справа ўзбуджана», – распавядае Вячаслаў Касінераў.

Пацярпелы хоча хадатайнічаць, каб справа была перакваліфікаваная, бо ён не згодны, што былі нанесеныя менш цяжкія цялесныя пашкоджанні.

«Больш за месяц я не мог нармальна есці, і лічу, што гэта трэба кваліфікаваць як цяжкія цялесныя. У мяне дагэтуль застаецца пагроза інваліднасці, вось нядаўна было запаленне», – тлумачыць Вячаслаў Касінераў.

Юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка адзначае, што ступень цяжкасці цялесных пашкоджанняў усталёўвае эксперт на падставе ўсебаковага даследавання ўсіх акалічнасцяў, звязаных з траўмай:

«Таму да вывучэння заключэння эксперта даваць якую-небудзь ацэнку рана. Аднак, на мой погляд ёсць куды больш важнае акалічнасць, якое варта ўлічваць: цялесныя пашкоджанні прычыненыя супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні ім сваіх абавязкаў пры абставінах, якія сведчаць аб наяўнасці прыкметаў службовага злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 426 КК – перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў. І адпаведна, наўмыснае здзяйсненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных яму па службе, спалучанае з гвалтам, пакутай ці абразай пацярпелага, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю».

11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя па падазрэнні ва ўдзеле па трох крымінальных справах: нанясенні беларускамоўных графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе…», а таксама запэцкванні фарбай сацыяльнага білборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі. Следчы камітэт прадявіў абвінавачванні Максіму Пякарскаму, Вячаславу Касінераву і Вадзіму Жаромскаму па ч. 2 арт. 339 «Хуліганства, здзейсненае групай асобаў». Зараз тэрмін папярэдняга следства працягнуты да 30 лістапада бягучага года.

НМ, belsat.eu, паводле сайту ПЦ «Вясна», на здымку Яраслаў Ульяненкаў, Максім Пякарскі, Вячаслаў Касінераў (фота nn.by)

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары