Нязломная Саўчанка: Калі б не было Расеі ў Крыме, не было б вайны на Данбасе


Украінскую лётчыцу, дэпутатку Вярхоўнай Рады Украіны даставілі ў Басманны суд Масквы пад узмоцненым канвоем з сабакамі.

«Чаму вы абараняеце свае інтарэсы на нашай зямлі крывёю нашых людзей? Абараняйцеся на сваёй тэрыторыі. Калі б не было Расеі ў Крыме, у нас не было б вайны на Данбасе», – заявіла ў судовай залі Надзея Саўчанка, уступіўшы ў перапалку з кімсьці з расейскіх журналістаў.

Маскоўскі суд не задаволіў хадайніцтва адваката і прызнаў законнаю прымусовую псіхіятрычную экспертызу, праз якую прайшла Надзея Саўчанка. Паводле абаронцаў, гэтая экспертыза мела на мэце ізаляванне Саўчанкі на час перадвыбарнай кампаніі ва Украіне. Гэта аднак, не перашкодзіла лётчыцы стаць дэпутаткаю Вярхоўнай Рады – яе прозвішча было першым у спісе партыі «Бацькаўшчына», якая прайшла ў парламент.

Надзея Саўчанка абвінавачваецца ў датычнасці да гібелі журналістаў Усерасейскай дзяржаўнай тэлевізійнай і радыёвяшчальнай кампаніі (ВГТРК) пад Луганскам. Як сцвярджае следства, яны былі забітыя з наводкі Саўчанкі, а сама яна пазней была затрыманая на мяжы з Расеяй, куды нібыта адправілася пад выглядам уцякачкі.

Абарона Саўчанкі нядаўна паведаміла, што супраць лётчыцы таксама збіраюцца распачаць крымінальную справу за незаконнае перасячэнне мяжы. Абвінавачаная адмаўляе сваю віну. Саўчанка і ейныя адвакаты сцвярджаюць, што яе скралі на тэрыторыі Луганскай вобласці і даставілі ў Расею.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў