Някляеў пра адзінага: Для большасці апазіцыі было важна – хто, бо за гэтым ідзе матэрыяльны складнік


Былы лідар кампаніі «Гавары праўду!» абвесціў аб стварэнні новага руху. Што стаіць за гэтым і дзеля чаго створаная структура, «Белсат» запытаўся непасрэдна ва Уладзіміра Някляева.

– Літаральна месяц таму Вы абвесцілі аб выхадзе з апазіцыйных структур. Што паўплывала на тое, што вы змянілі сваё рашэнне?

– Я зрабіў заяву пра выхад менавіта з апазіцыйных структур, як вы правільна заўважылі, але я адразу сказаў, што я не выходжу з палітыкі. Я не спыняю барацьбы за незалежную Беларусь, за дзяржаўнасць беларускую, якая на сённяшні дзень знаходзіцца пад відавочнай пагрозай. Думаючы, што з гэтым можна зрабіць, як рэалізаваць свае словы ў дзеяннях, я і вырашыў заснаваць рух «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі». Чаму? Я не ведаю, чаго не хапае некаму ў нашым жыцці, але мне апошнім часам як чалавеку Уладзіміру Някляеву, як паэту беларускаму, як грамадзяніну не хапае нацыянальнага аптымізму. Вось мы неяк перасталі нават верыць у тое, што мы – беларусы і мы можам быць беларусамі. Гэта страшэнны, нейкі прыдушаны стан грамадства, які абгрунтоўваюць абы-чым: што мы расейцы са знакам якасці і, значыць, лепшыя за гэтых расейцаў – таму мы беларусы, ці яшчэ па некіх прычынах. Мы гімн спяваем, які мне дарэчы не падабаецца – страхоцце проста па словах, але пачынаецца ён абсалютна правільна. Я б таксама так пачаў, калі б гэты тэкст пісаў: «Мы – беларусы». Але нам даводзяць з усіх бакоў, што мы нейкія няправільныя беларусы, нечага патрабуем занадта шмат, патрабуем дзяржаўнасці, якой у нас проста чамусьці не можа быць. Гэтыя словы гучаць, што мы гаворым пра ўяўную незалежнасць, калі мы «плоць ад плоці і дух ад духу вялікай Расеі». Ніхто не збіраецца ваяваць у тым руху, прынамсі я не збіраюся ваяваць ні з заходнімі, ні з усходнімі суседзямі. Я не збіраюся даводзіць, сцяўшы кулакі і зубы, што ў нас гісторыя нават больш глыбокая і старажытная, чым у той жа Расеі. Я не збіраюся даводзіць, што мы лепшыя, а яны – горшыя. Не, няма народаў лепшых, няма народаў горшых. Ёсць народы, якія маюць права быць народамі. Нам Богам дадзенае гэтае права, і я хачу, каб людзі ў нас гэтага права не забралі, а вось да гэтага, на жаль, ідзе.

– Людзі памятаюць падзеі мінулых выбараў, суды, пераследы пасля іх, беларусы таксама напалоханыя сітуацыяй ва Украіне. Як Вы лічыце, ці зможа Ваш рух аб’яднаць іх, наколькі Вы верыце ў беларусаў?

– З пачатку 90-ых вырасла пакаленне, якое ведала, хай фармальна, але незалежную дзяржаву Беларусь. І яно ўжо з гэтай думкай вырасла. Яно бачыць супярэчанні ў фразеалогіі і дзеяннях, бачыць, што ўжо і ўлады заяўляюць пра тое самае: пра незалежнасць, пра дзяржаўнасць. Але як толькі з боку Масквы пачуецца хоць маленькі шэпт: што гэта вы там з нацыяналізмам, адразу ўсе апраўдваюцца: не, мы не пра беларускую мову, мы пра той жа «русский язык, только в белорусском оформлении». Я амаль паўтарыў тыя словы, якія сказаў адзін з прадстаўнікоў уладаў. Гэта прыніжэнне нейкае, такога нельга дапускаць, нельга, каб гэтыя людзі, якія ўжо выхаваліся ў разуменні беларускасці, гэта пачалі страчваць. І апошнімі месяцамі я сустракаўся акурат пераважна з моладдзю. І я думаў, што яны замбаваныя. Шчыра скажу, я думаў, што вось лукашэнкаўская школа, лукашэнкаўская гісторыя… Я сустрэў абсалютна свядомых беларусаў, якія размаўлялі пра Вялікае княства Літоўскае, пра глыбіню гісторыі, пра літаратуру. Аказваецца, яны гэта ўсё ведаюць і ім гэта ўсё дарагое. Яны проста не ведаюць, куды прытуліцца на сённяшні дзень. Але пачалася мяккая беларусізацыя – вышыванкі, «Мова нанова» – і яно ніяк не супярэчыць нашаму руху, гэта можа паяднацца. Калі нехта з уладаў, з нейкай арганізацыі ці прыватнага сектару захоча далучыцца са сваім разуменнем Беларусі і яе будучыні, то – калі ласка. Мы ствараем рух не для абвастрэння супрацьстаяння ў грамадстве, мы ствараем яго дзеля згоды. І я думаю: незалежнасць і дзяржаўнасць – гэта і ёсць той грунт, на якім мы гэтай згоды можам дамагчыся.

– Нядаўна Вы казалі пра тое, што апазіцыя не ў стане аб’яднацца, вылучыць адзінага кандыдата. Ці збіраецеся вы супрацоўнічаць з апазіцыяй, а калі так, то якім чынам?

– Калі любая апазіцыйная структура насамрэч падзяляе нашую пазіцыю, нашыя мэты і задачы – непахіснае ўсталяванне незалежнасці і дзяржаўнасці Беларусі, то – калі ласка. Я не хачу ганіць апазіцыю. Пераважная большасць людзей, якія раней альбо пазней у яе прыйшлі, стаяць на тых жа пазіцыях, а паколькі поспеху ў гэтай барацьбе за доўгія гады не было, узнікла расчараванне гэткае самае, як і ва ўсім грамадстве – людзі махнулі рукой, па сутнасці перасталі кантраляваць кіраўніцтва сваіх структураў, і кіраўніцтва пачало рабіць тое, што выгадна ім, кажучы, што гэта выгадна структурам. Вось у чым тут узнікла супярэчнасць. І выбары адзінага кандыдата выявілі гэта напоўніцу. Я ўвесь час казаў пра адно і тое – мне адзіны кандыдат патрэбны не як асоба, не як Някляеў, бо я згадзіўся на іншых кіраўнікоў апазіцыйных структур. Я згадзіўся на тое, каб быў Мілінкевіч, Лябедзька – хай будзе Лябедзька. Але пасля мяне валілі і Мілінкевіча, і Лябедзьку, і любога, хто мог уяўляць сабой адзінага кандыдата. Дык я ў ім (адзіным кандыдаце – рэд.) бачу перадусім адзіны падыход да прэзідэнцкай кампаніі, адзіную праграму, адзіную пазіцыю. Для мяне не важна было, які чалавек гэта будзе ўвасабляць. А для большасці, на жаль, было важна – хто. За гэтым мелася на ўвазе ўсё тое, што ідзе паралельна з палітыкай і з ідэямі, – матэрыяльны складнік гэтай кампаніі, якая называецца прэзідэнцкімі выбарамі. Вось тут узніклі вельмі сурёзныя разыходжанні, і мне давялося зрабіць тое, што я зрабіў. Я лічу, што я зрабіў правільна, бо да ніякай згоды, хоць бы мы яшчэ размаўлялі месяц і другі, мы б ужо не здолелі прыйсці.

Размаўляла Валерыя Уласік, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары