«Нябачныя» беларусы


Больш за паўмільёна афіцыйна і кожны дзясяты, паводле адмыслоўцаў. Менавіта столькі людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў нашай краіне. Чаму мы не бачым іх на вуліцах? Асаблівасць Беларусі – адсутнасць безбарернага асяроддзя, а значыць, немагчымасць для інвалідаў жыць паўнавартасным жыццём.

Калі ў цывілізаваным свеце чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі трапіць у краму або пераадолець бардзюр гэтак жа лёгка, як мне цяпер спусціцца па лесвіцы, то ў Беларусі ў гэтым кірунку шмат працы. Развязанне праблемаў людзей з парушэннем зроку, вазочнікаў, псіхічна хворых ды ўсіх тых, хто трапляе пад катэгорыю людзей з інваліднасцю, абмяркоўваюць на трэцім адмысловым Тыдні дасціпнасці.

Асаблівасцю сёлетняга мерапрыемства, сярод іншага, стала далучэнне да недзяржаўных грамадскіх арганізацыяў іншых зацікаўленых людзей і ўстановаў. Напрыклад, студэнткі-архітэктары Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту прэзентавалі «ўніверсальны дызайн» гатэлю, які ўлічвае патрэбы людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Шырыня дзвярэй для інвалідаў-вазочнікаў, кантрастныя колеры для людзей са слабым зрокам ды шмат іншых акалічнасцяў улічылі студэнткі ў сваёй распрацоўцы. Сёння ж у нашай краіне з паўтысячы гатэляў, але сярод іх няма тых, што цалкам улічваюць асаблівасці людзей з інваліднасцю.

Аднак фізічныя перашкоды – толькі вяршыня айсбергу. Адная з галоўных праблемаў інвалідаў – дыскрымінацыя. Ад чаго беларуская форма права аніяк не бароніць.

Усе гэтыя тэзісы можна назваць вынікам адсутнасці дыялогу паміж дзяржаваю і беспасярэдне людзьмі з інваліднасцю. У такой сітуацыі значным зрухам стане дэманапалізацыя дзяржавы як адзінага гэтак званага апекуна людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Але гэта магчыма толькі пры актыўным удзеле ўсяго беларускага грамадства.

Лола Бурыева, «Белсат»

Стужка навінаў