Новы тэлевізійны сезон на «Белсаце»


Сення стартуе тэлевізійная восень-2015 на «Белсаце» і будзе багатая на прэм’еры і неспадзяванкі.

Трыма кітамі эфіру застаюцца інфармацыйныя ды публіцыстычныя праграмы, а таксама дакументальнае кіно.

Асобным пунктам па-ранейшаму з’яўляецца праграма «Аб’ектыў» і двухгадзінны інфармацыйны блок, у якім вас чакаюць новыя праграмы.

«Медыі з Ражковым»

Праграма не з’яўляецца аглядам медыяў у класічным разуменні. Выпуск будзе мець некалькі тэматычных рубрык, кожная скіравана на пэўныя праблемы. У праграме можна будзе пабачыць настрой грамадства, ацаніць наколькі беларусы арыентуюцца ў кантэксце падзей, як у краіне, так і свеце, якія маюць стэрэатыпы і якімі хочуць бачыць айчынныя медыі.

«Liberum veto»

Адмысловую серыю размоваў, якая прысвечаная сёлетнім прэзідэнцкім выбарам, будуць весці Валер Руселік і палітычны эксперт Павел Усаў. Праграма будзе выходзіць па пятніцах пасля «Аб’ектыву» замест Размовы Мацкевіча.

З летняга перапынку вернуцца добра вядомыя гледачам і найпапулярнейшыя праграмы, у тым ліку параднік найбольш эфектыўнага кіравання сямейным бюджэтам з Міхалам Залесскім «Асабісты капітал», свет вачыма жанчын «54 %», ток-шоу «Белсату» «Форум», праграма «Маю права», што распавядае, як бараніць сваё, аўтарская праграма Алеся Залеўскага «Людскія справы» ды шмат іншага.

Таксама «Белсат» прэзентуе дзве новыя праграмы.

«Сведкі»

Цыкл фільмаў Вячаслава Ракіцкага распавядзе пра змаганне за незалежную і дэмакратычную Беларусь у 1980-2000-х, у якасці «сведкаў» – актыўныя ўдзельнікі гэтага змагання.

«Выбары-2015»

Цыкл перадвыбарчых дэбатаў пры супрацы з Naviny.by з удзелам экспертаў і палітыкаў. Аўтары ды госці праграмы паразмаўляюць пра найважнейшыя праблемы і выклікі, якія стаяць перад беларусамі. Далучайцеся да дыскусіі!

Усе праграмы будуць даступныя да прагляду на нашай старонцы belsat.eu. Запрашаем!

Стужка навінаў