Новы абвал беларускага зайчыка: курс долара падскочыў сёння адразу амаль на тысячу рублёў


872 рублі для долара і 1098 рублёў для еўра. На столькі сёння абваліўся беларускі зайчык на гандляваннях Беларускай валютна-фондавай біржы. Тым часам у абменніках, за амерыканскую валюту просяць нават больш за BLR 18 000, а за адзін еўра прапануюць аддаць BLR 20 800. Гэта – на 15 адсоткаў даражэй, чым на пачатку месяца і ўдвая больш – чым год таму.

З падобнаю хуткасцю ляціць уніз і расейскі рубель – сёння ён пабіў антырэкорд з пачатку года. За адзін долар усходнія суседзі аддадуць RUS 71. Еўра – на дзесяць рублёў даражэй. Усё гэта традыцыйна – на фоне зніжэння цэнаў на чорнае золата. Нафта маркі BRENT сягнула цаны дзесяцігадовай даўніны – менш за 44 долары за барэль.

Разам з гэтым б’юць антырэкорды і іншыя фондавыя індэксы. Кітайскі Shanghai Composite абваліўся на 8%, японская біржа ўпала на 5%, а індэксы 22 асноўных сыравінных тавараў – між іншага золата, збожжа і нафты ўпалі ў сярэднім на пяць-сем адсоткаў.

На думку старшага аналітыка «Альпары» Вадзіма Іосуба, прычына не толькі ў падзенні коштаў на нафту і расейскага рубля.

«Услед за падзеннем нафты падае расейскі рубель, а ўслед за расейскім рублём, практычна, аўтаматычна падае і нашая нацыянальная валюта. Аднак гэта ўжо нельга цалкам спісаць на тое: што падае расейскі рубель. Гэта ўжо і падзенне беларускага рубля. То-бок, да відавочных замежных чыннікаў, такіх, як падзенне коштаў на нафту, дадаюцца і нашыя ўнутрыэканамічныя чыннікі».

Што пра абвал рубля думаюць менчукі – глядзіце ў відэа ніжэй.

Стужка навінаў