«Ні сядзець, ні жыць у Расеі не буду»: Саўчанка заявіла, што працягне галадаванне


Надзея Саўчанка. Фота 112.ua

Украінская лётчыца і народны дэпутат Надзея Саўчанка заявіла, што не кіне галадавання.

Пра гэта распавяла чалец грамадскай назіральнай камісіі Растоўскай вобласці Валянціна Чэраваценка, якая пабывала разам са сваім калегам Уладзімірам Катасонавым 12 сакавіка ў Надзеі Саўчанкі ў СІЗА ў горадзе Новачэркаску, паведаміла на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» расейская журналістка Вікторыя Іўлева.

Паводле яе слоў, стан Саўчанкі стабільны.

«Надзя пʼе ваду. Вага стаіць. Думаем, што арганізм, у якім быў высокі ўзровень абязводжання, цягам некалькіх дзён набіраў вадкасць. Можна сказаць, што адчувае сябе нармальна для чалавека, які трымае галадаванне», – напісала журналістка.

Ад медычнага агляду і ўльтрагукавога абследавання Саўчанка адмаўляецца, тэмпература і ціск, якія вымярае турэмны лекар двойчы на содні, у яе ў норме. «Ваганняў ціску няма. Вага вымяраецца кожны дзень раніцай. На боль не скардзіцца. Аб прымусовым кармленні гаворкі не ідзе», – адзначыла Чараваценка.

Чараваценка працытавала словы Саўчанкі «Я адсочваю сваё здароўе. Але хай усё разумеюць, што я не кіну галадавання, сядзець у гэтай краіне не буду, і жыць я тут не буду».

«На ложку ў яе былі раскладзеныя рознакаляровыя шнуркі, камплектамі па паўтара-два дзясяткі, і нешта яна з гэтага, верагодна, збіралася плесці, сказала, што гэты занятак надоўга. У камеры, акрамя тэлевізара, ёсць яшчэ і халадзільнік, і нават вентылятар. Рэдкая камера, адным словам! Проста амаль курорт, калі б не краткі на вокнах і не вочка ў дзвярах, ды не начальнік СІЗА, які безупынна прысутнічае пры наведванні», – адзначыла журналістка.

Надзею Саўчанку ў Расеі абвінавачваюць у забойстве двух расейскіх журналістаў, а таксама ў незаконным мінанні расейскай мяжы. Украінка і яе абарона аспрэчваюць абвінавачанні і заяўляюць, што на момант гібелі расейскіх журналістаў яе ўжо захапілі ў палон баевікі, затым прымусова пераправілі ў Расею. Саўчанку незаконна ўтрымліваюць у РФ з сярэдзіны лета 2014 года.

Зняволеная пачала сухую галадоўку з 4 сакавіка на знак пратэсту супраць таго, што расейскі суд адмовіў ёй у апошнім слове і адклаў пасяджэнне да 9 сакавіка.

10 сакавіка адзін з адвакатаў, Марк Фейгін, заявіў, што лётчыца нібыта на просьбу прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі спыніла сухое галадаванне, распачатае 4 сакавіка. Пазней прэс-сакратар прэзідэнта Украіны паведаміў, што Парашэнка не адпраўляў ліст Саўчанцы з просьбай спыніць галадаванне. Адвакаты кажуць пра «беспардонную спецаперацыю, каб дыскрэдытаваць Надзею».

Украінскія медыкі з пачатку тыдня чакаюць у Растове-на-Доне дазволу наведаць лётчыцу.

МЯ, паводле unian.net

Глядзі таксама
Каментары