Незалежныя медыі з Расеі ў эміграцыі. Чаму «Медуза» – не «Lenta.ru»?


Эпоха незалежных медыяў у эміграцыі пачалася і для Расеі. Адныя пакуль трымаюцца ад прэсінгу ўладаў, іншыя збягаюць з-пад кантролю за мяжу. Гэтак зрабіла і рэдактарка папулярнага расейскага парталу «Lenta.ru» Галіна Цімчанка пасля таго, як яе звольнілі. Яе новы праект «Медуза» размясціўся ў Рызе па сімвалічным адрасе – вуліца Маскоўская.

Ужо два месяцы «Медуза» жыве тут. У прасторным рыжскім офісе яе ствараюць дваццаць асобаў. Усе яны пераехалі з Масквы. Вялікая частка штату – журналісты, дызайнеры, распрацоўнікі – засталіся ў Расеі. Рэдактары кажуць: засноўваць незалежнае медыя ў межах федэрацыі – неапраўданая рызыка.

«Сэнс пераезду ў Рыгу быў у тым, каб выданне штодня дакладна выходзіла, каб сюды ніхто не мог прыйсці, ніхто б не мог нас выгнаць, як тэлеканал «Дождь», што раптоўна апынуўся без сядзібы, – распавёў рэдактар рэсурсу »Медуза« Іван Калпакоў. – Гэта катастрофа. Немагчыма перавозіць тэлеканал з месца на месца, нават і газету. Таму мы і пераехалі!».

Пераехалі не для таго, каб перазагрузіць «Lenta.ru», хоць усе працаўнікі – выхадцы з вядомага рэсурсу. «Медуза» арыентуецца на карыстальнікаў смартфонаў – гэтак бяспечней. Закрыць сайт у Расеі – хвілінная справа, мабільную прыладу заблакаваць нельга. Сайт таксама папулярны – за месяц яго наведаў мільён чытачоў. Ідэйная натхняльніца Галіна Цімчанка бачыць сакрэт поспеху ў незаангажаванай, чыстай падачы інфармацыі.

«Ненавіджу, калі дадатковымі сэнсамі нагружаюць тое, што не мае ў тым патрэбы, адзначыла галоўная рэдактарка рэсурсу «Медуза» Галіна Цімчанка. – Ёсць пэўныя прынцыпы прафесіі, якіх так ці інакш мусяць прытрымлівацца ўсе журналісты. Інакш гэтая прафесія завецца інакш. Калі нехта іх не трымаецца, гэта іхныя праблемы. Мы хочам іх прытрымлівацца. Як можам, гэтак робім».

Кіраўніцтва пазбягае «эмігранцкага» іміджу, хоць гэта і першае расейскае выданне за мяжою. Канстанцін Бенюмаў пакуль і не ўсвядоміў, што пераехаў у Еўразвяз.

«У мяне адчуванне, што я зняў кватэру ў маляўнічым раёне Масквы і з усімі сваімі сябрамі там працую. Мы сумуем па сем’ях, але, на шчасце, гэта не так далёка», – заўважыў рэдактар рэсурсу Канстанцін Бенюмаў.

Пераезд «Медузы« на радзіму стане магчымы толькі пасля адмены жорсткіх абмежавальных законаў для медыяў.

Навінны рэсурс «Медуза» быў створаны ўсяго два месяцы таму, але мае ўсе шанцы ўвайсці ў расейскі топ-ліст медыяў. Рэдакцыйная палітыка скіраваная на тое, каб чытач нават не здагадаўся, што гэтыя навіны пішуцца па-за межамі Расейскай Федэрацыі.

Настасся Яўмен, «Белсат», Рыга.

Стужка навінаў