Еўрапейскі Звяз не афішуе дэталі новых санкцыяў, але ўважліва сочыць за рэпрэсіямі ў Беларусі і пры неабходнасці гатовы прымаць меры. Пра гэта «Белсату» распавёў галоўны прадстаўнік у пытаннях вонкавай палітыкі і палітыкі бяспекі Еўрапейскай камісіі Пэтэр Стана.
«Еўрапейскі Звяз вельмі востра адрэагаваў на апошнюю хвалю рэпрэсій, калі ўлады правялі ператрусы і арышты больш чым 100 чалавек: былых палітвязняў, якія заставаліся ў Беларусі, і ў сваякоў цяперашніх палітвязняў рэжыму.
Мы рашуча асуджаем такую практыку, таму што яна сведчыць аб працягу парушэння правоў чалавека і працягу запалохвання і рэпрэсій, асабліва супраць тых, хто крытыкуе рэжым, асабліва супраць апанентаў напярэдадні так званых выбараў у наступным месяцы», – кажа Пэтэр Стана.
ЕЗ заклікае беларускія ўлады выканаць свае міжнародныя абавязкі. Гэта значыць без умоў спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітычных зняволеных, падкрэслівае суразмоўца.
У сувязі з гэтым могуць быць прынятыя новыя санкцыі супраць рэжыму. «Рашучы адказ» ужо прапанавала МЗС Польшчы. Таксама Польшча, Літва, Латвія і Эстонія заклікалі зрабіць больш жорсткімі сектаральныя санкцыі супраць Беларусі і ўраўнаваць іх з абмежаваннямі супраць Расеі. Аднак, якімі будуць дакладныя меры, Пэтэр Стана паведаміць не можа.
«Санкцыі – гэта адзін з інструментаў, якія мы выкарыстоўваем для рэагавання на абедзьве праблемы. Я маю на ўвазе і незаконную агрэсію супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі супрацоўнічае з Пуціным, і калі гаворка ідзе пра ўнутраныя рэпрэсіі.
Дыскусіі, вядома, працягваюцца, санкцыі пастаянна пераглядаюцца ў святле апошніх падзей, але гэтыя працэсы адбываюцца паміж дзяржавамі-чальцамі ў канфідэнцыйным парадку, таму мы ніколі не анансуем наступны раўнд санкцый. І мы не абмяркоўваем публічна дэталі санкцый. Але Еўрапейскі Звяз сочыць за развіццём падзей і пры неабходнасці прымае новыя санкцыі», – кажа прадстаўнік Еўрапейскай камісіі.
Ён таксама падкрэслівае, што кіраўніцтва ЕЗ добра дасведчанае пра становішча людзей у Беларусі.
«Пытанне палітычных зняволеных у Беларусі займае важнае месца ў нашым парадку дня. Гэта тое, за чым мы вельмі ўважліва сочым, і мы робім гэта з дапамогай шэрагу крыніц. Вядома, у нас ёсць людзі на месцах, у нас ёсць нашая дэлегацыя, у нас ёсць паслы дзяржаў-чальцоў. Мы глядзім, вядома, сродкі масавай інфармацыі, знаходзімся ў адчувальным кантакце з людзьмі з арганізацый, якія змагаюцца за правы чалавека і праваабаронцамі, НДА. Так што ёсць шмат інфармацыі, якую мы заўсёды правяраем.
Інфармацыя, на жаль, паказвае, што сітуацыя дрэнная і не становіцца лепш, што рэпрэсіі працягваюцца. І доказам гэтага з’яўляецца тое, што мы бачылі ў апошнія некалькі дзён з ператрусамі і рэпрэсіямі супраць людзей, якія былі палітычнымі зняволенымі раней або членамі семʼяў цяперашніх палітычных зняволеных», – падсумаваў галоўны прадстаўнік па пытаннях вонкавай палітыкі і палітыкі бяспекі Еўрапейскай камісіі.
Алесь Сіліч, Арсен Рудэнка belsat.eu