Чэргі ў Польшчы, Літве і Латвіі перад памежнымі пераходамі за содні крыху скараціліся, але людзі, якія сёння мінулі мяжу і трапілі ў Беларусь, скардзяцца, што правялі ў чаканні 60 гадзінаў. Пра гэта пішуць у адмысловых Telegram-чатах.
Цяжкасці на мяжы пачаліся тыдзень таму. Транспартная плынь традыцыйна павялічваецца напярэдадні святаў, але такія чэргі сталіся сапраўднаю нечаканасцю.
Паводле звестак польскіх памежнікаў, цяпер у Тэрэспалі даводзіцца чакаць 20 гадзінаў, каб трапіць у Беларусь. Аўтобусаў у чарзе няма.
«Агулам 61 гадзіна. Усім моцы і цярплівасці ў гэтай дзікасці», – пішуць у Telegram-чатах беларусы, якія сёння мінулі мяжу праз Берасце, і заклікаюць «заставацца людзьмі ў любой сітуацыі».
Уначы аўтобусы агулам праходзілі кантроль за 11 гадзінаў.
У такіх чэргах нервы шмат у каго не вытрымліваюць. Як паведамлялася, людзі скандалілі, ладзілі «дзяжурства», каб не пускаць «улезуноў», нават здараліся бойкі, некаторыя ж прадавалі свае месцы ў чарзе.
Пры гэтым іншыя асобы падаюць прыклад салідарнасці. Сёння ў чаце з’явілася абвестка аб прапанове бясплатнай ежы і гарачых напояў у Тэрэспалі.
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, старшыня НАУ Павел Латушка ў сваім Telegram-канале паведаміў, што папрасіў польскія службы спрыяць беларусам, якія чакаюць на мяжы.
«Паводле нашых звестак, чарга сфармавалася праз наўмыснае стрымліванне афармлення на ўезд у Беларусь памежнымі і мытнымі службамі рэжыму Лукашэнкі», – напісаў Латушка.
На памежных пераходах з боку Літвы сітуацыя падобная. Тыя, хто сёння мінуў мяжу праз пункт «Шальчынінкай – Беняконі», пішуць, што прачакалі 47 гадзінаў. Больш за 40 гадзінаў – у чарзе перад пераходам «Мядзінінкай – Каменны Лог», у пункце «Лаворышкес – Катлоўка» – 37 гадзінаў.
Праходжанне праз адзіны пункт на мяжы з Латвіяй, «Патэрніекі – Грыгораўшчына», займае 36 гадзінаў.
На выезд з Беларусі, паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту на 14:00, няма чэргаў ані легкавікоў, ані аўтобусаў.
Сцяпан Кубік belsat.eu