Прыгожын – авантурыст, палітычны ледакол ці новы Мусаліні? У чым сэнс мяцяжу вагнэраўцаў


Вайсковы мяцеж у Расеі нечакана скончыўся кампрамісам: Яўгеній Прыгожын адвёў сваіх наймітаў у палявыя лагеры, а Уладзімір Пуцін нібыта дараваў бізнесоўцу здраду. Хто перамог у гэтым канфлікце, чаго мы дагэтуль не ведаем і пры чым тут Лукашэнка?

Камандзір ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын пакідае штаб Паўднёвай вайсковай акругі ў сувязі з адыходам групоўкі з гораду Растоў-на-Доне, Расея, 24 чэрвеня 2023 г.
Фота: ALEXANDER ERMOCHENKO / Reuters / Forum

Усё ішло паводле плану?

Для таго, каб разабрацца ў мяцяжы Прыгожына, варта ўлічваць два прынцыпова важныя моманты.

Па-першае, выступ ПВК Вагнэра не быў спантанным чынам, справакаваным ракетным ударам па лагеры наймітаў 23 чэрвеня. Хутчэй за ўсё, ніякага ўдару проста не было, прынамсі, відэа, паказанае прыгожынцамі – гэта фэйк.

Аўтарытэтныя амерыканскія медыі «The Washington Post», «The New York Times» і CNN паведамляюць, што спецслужбы ЗША фіксавалі прыкметы рыхтавання да мяцяжу з сярэдзіны чэрвеня і нават азнаёмілі са сваімі высновамі чальцоў Кангрэсу. Імаверна, трыгерам для Прыгожына стала патрабаванне Уладзіміра Пуціна і Сяргея Шайгу, каб найміты падпісалі кантракты з Мінабароны. Бізнесовец заявіў, што не пойдзе на гэта, – такім чынам ён упершыню публічна адмовіўся падпарадкоўвацца загадам Пуціна.

У дзень, калі пачаўся мяцеж, Прыгожын апублікаваў інтэрв’ю, больш падобнае да палітычнай дэкларацыі. Насуперак тэзісам крамлёўскай прапаганды, ён заявіў, што Расея распачала вайну супраць Украіны без усялякіх прычынаў. Адказнасць за канфлікт ён усклаў на Шайгу, які быццам бы хацеў атрымаць званне маршала, і алігархаў, якія хацелі зарабіць на Данбасе. Пуцін нібыта быў уведзены ў зман.

З вайсковага пункту гледжання мяцеж быў някепска падрыхтаваны. Вагнэраўцы рухаліся на Маскву, маючы не толькі армейскія грузавікі і бранятэхніку, але і мабільныя рамонтныя майстэрні ды нават зенітна-ракетныя сістэмы (што і дазволіла адбіваць паветраныя атакі). Наўрад ці такі набор тэхнікі можна было сабраць экспромтам – хутчэй за ўсё, камандзіры ПВК Вагнэра ўсё прадумалі загадзя.

Байцы ПВК Вагнэра пакідаюць штаб Паўднёвай вайсковай акругі, каб вярнуцца на базу ў горадзе Растоў-на-Доне, Расея, 24 чэрвеня 2023 г
Фота: Reuters / Forum

Па-другое, вагнэраўцы не былі спыненыя сілай. Яны занялі Растоў, а потым прайшлі Варонежскую і Ліпецкую вобласці, пры гэтым супраціў быў мінімальны. Часцей за ўсё сілавікі проста бяздзеялі, а ў выпадках рэальных баявых сутыкненняў вагнэраўцы, з усяго відаць, адносна лёгка перамагалі. Урадавыя сілы страцілі ў баях шэсць вайсковых верталётаў і самалёт – такіх адначасовых стратаў Узброеныя сілы РФ нават у самыя гарачыя дні вайны з Украінай не зазнавалі. Таксама армія страціла баявую машыну «Тыгр» і вайсковы КамАЗ. Загінулі пятнаццаць вайскоўцаў, у тым ліку трынаццаць лётчыкаў. Пры гэтым ПВК Вагнэра страціла адну бронемашыну, адзін КамАЗ і два УАЗікі, а забітых, як сцвярджае Прыгожын, не было зусім.

Гэта не значыць, што вагнэраўцы маглі лёгка ўзяць Маскву, але і непрыступнай сталіца на фоне падзеяў 24 чэрвеня  не выглядала.

З улікам гэтых абставінаў раптоўная пастанова Прыгожына спыніць марш на Маскву здаецца дзіўнаю і нелагічнай. Мы не ведаем, што прымусіла заснавальніка ПВК Вагнэра адвесці сваіх байцоў у палявыя лагеры. Не ведаем, хто, каму і якія даў гарантыі. Аднак з улікам той інфармацыі, што ёсць на цяперашні момант, можна выказаць некалькі гіпотэзаў наконт таго, у чым быў сэнс падзеяў 23–24 чэрвеня.

Аналітыка
Прыгожын амаль дайшоў да Масквы, але заявіў пра разварот калон. Што вядома на вечар – спецэфір
2023.06.24 19:44

Версія 1. Прыгожын разлічваў стаць новым Мусаліні. І можа, яшчэ ім стане

Магчыма, уся штука ў тым, што Прыгожын проста не збіраўся захопліваць Масквы і скідваць Пуціна.

Вайсковы мяцеж адбыўся на фоне працяглага канфлікту заснавальніка ПВК Вагнэра і Мінабароны, дзе абодва бакі яўна апелявалі да Пуціна як да арбітра. У сярэдзіне чэрвеня стала зразумела, што Пуцін у гэтым супрацьстаянні заняў бок Мінабароны. У гэтых умовах Прыгожын мог наважыцца на дэманстрацыю сілы, каб прымусіць Пуціна звольніць Шайгу і Герасімава, і замяніць іх тымі людзьмі, на якіх укажа бізнесовец. У выніку дэ-юрэ пуцінскі рэжым не зазнаў бы ніякіх зменаў. Але дэ-факта Прыгожын бы пераўтварыўся як мінімум у шэрага кардынала, а як максімум – у новага дыктатара.

Некаторыя каментатары праводзілі паралелі паміж «маршам на Маскву» Прыгожына і «паходам на Рым» Бэніта Мусаліні, у выніку чаго фашысты прыйшлі да ўлады ў Італіі. Гэта сапраўды вельмі ўдалае параўнанне. У кастрычніку 1922 года некалькі дзясяткаў тысяч італьянскіх фашыстаў дэманстрацыйна распачалі марш на сталіцу і амаль не сустракалі супраціву на сваім шляху. Улады не далі рады і прынялі ўмовы фашыстаў: кароль Вітор’ё Эмануэле III прызначыў прэм’ер-міністрам Мусаліні, які неўзабаве ператварыўся ў дыктатара. Вітор’ё Эмануэле III пры гэтым застаўся на троне аж да 1946 года, аднак рэальнай улады больш не меў. То бок фармальна «паход на Рым» не быў пераваротам – гэта была форма ціску на ўладу. Магчыма, на падобнае развіццё падзеяў разлічваў і Прыгожын. Калі ж Пуцін абвесціў яго «здраднікам», то заснавальніку ПВК Вагнэра давялося імправізаваць.

24 чэрвеня 2023 года, Санкт-Пецярбург, Расея: тэлевізійны зварот прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна да грамадзянаў Расеі, асабовага складу Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі, супрацоўнікаў праваахоўных органаў у сувязі з сітуацыяй з ПВК Вагнэра.
Фота: Artem Priakhin / Zuma Press / Forum

Вынікі мяцяжу 23–24 чэрвеня – то бок адступленне наймітаў у абмен на дараванне – з першага погляду выглядаюць як поўны правал «маршу на Маскву». Аднак мы не ведаем рэальнага зместу дамоўленасцяў бакоў. Нельга выключаць, што Пуцін пайшоў на значна большыя саступкі, чым можа здавацца, і цяпер Крэмль проста імкнецца захаваць твар. Дасюль невядомы лёс Шайгу і Герасімава – магчыма, іх неўзабаве адправяць у адстаўку і заменяць людзьмі Прыгожына.

Так ці інакш, Пуцін не выглядае тут відавочным пераможцам: калі ўлада вымушаная дараваць вайсковы мяцеж і гібель сваіх вайскоўцаў, дык гэта сведчанне яе слабасці, а не сілы. Адыход наймітаў у палявыя лагеры не залагоджвае праблемы існавання некантраляванай прыватнай арміі. Калі вагнэраўцы аднойчы ўжо амаль дайшлі да Масквы, дык што ім перашкодзіць паўтарыць гэты трук?

Іншая рэч, калі Прыгожына сапраўды адправяць у «ссылку» ў Беларусь, а ПВК Вагнэра расфармуюць – без сваёй прыватнай арміі бізнесовец страціць усялякі ўплыў.

Аналітыка
Як заснавальнік ПВК Вагнэра пераўтвараецца ў палітыка і што гэта значыць для Расеі
2023.04.06 08:00

Версія 2. Прыгожын – палітычны ледакол, які прадстаўляў адну з вежаў Крамля

Нельга выключаць і таго, што пераможцам у канфлікце стане наогул трэцяя сіла – адна з крамлёўскіх груповак, што дзеяла рукамі Прыгожына.

Цягам апошняга года, калі Прыгожын паступова ператварыўся з «кухара Пуціна» ў публічнага палітыка, у медыях было шмат разважанняў, ці можна лічыць заснавальніка ПВК Вагнэра самастойнай фігурай і хто за ім стаіць. Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў) яшчэ задоўга да мяцяжу казаў, што Прыгожын – гэта палітычны праект крамлёўскіх элітаў, якія нібыта «гадуюць» з яго «рэальнага вайсковага дыктатара». «Пагроза вялікая. За Прыгожыным стаяць вельмі сур’ёзныя сілы», – заяўляў Гіркін яшчэ ў пачатку траўня. Вясной гэткія высновы выглядалі адарванай ад рэальнасці канспіралогіяй, бо ў самую магчымасць адкрытага дэмаршу супраць Пуціна было паверыць цяжка. Аднак цяпер словы Гіркіна ўжо не здаюцца поўнай лухтой.

Байцы прыватнай групы наймітаў Вагнэра адпачываюць у кавярні падчас дыслакацыі на вуліцы недалёка ад штабу Паўднёвай вайсковай акругі ў горадзе Растоў-на-Доне, Расея, 24 чэрвеня 2023 г.
Фота: Reuters / Forum

Пра тое, што Прыгожын мае ўплывовых хаўруснікаў у крамлёўскіх элітах, медыі паведамлялі не раз. Напрыклад, крыніцы выдання «Медуза» называлі ягонымі заступнікамі тульскага губернатара, былога камандзіра сілаў спецыяльных аперацыяў Аляксея Дзюміна, начальніка Расгвардыі Віктара Золатава, а таксама братоў Кавальчукоў – мільярдэраў, якія ўваходзяць у блізкае атачэнне Пуціна. Праўда, Кавальчукі, як сцвярджаюць журналісты, ад Прыгожына апошнім часам аддаліліся.

Некаторыя расейскія тэлеграм-каналы паведамлялі, што Дзюмін якраз удзельнічаў у паспяховых перамовах з Прыгожыным падчас мяцяжу. Прэс-служба тульскага губернатара гэтую інфармацыю аспрэчвае. Аднак цікава, што спыніўся Прыгожын якраз перад Тульскай вобласцю – гэта быў апошні рэгіён, што аддзяляў вагнэраўцаў ад Маскоўскай вобласці. Сам Дзюмін, на адрозненне ад шэрагу іншых губернатараў і чыноўнікаў, не выступаў 24 чэрвеня з публічнымі заявамі ў падтрыманне Пуціна.

Унутрыкрамлёўскае паходжанне канфлікту можа быць адным з тлумачэнняў таго, чаму праўладныя медыі і прапагандысты так дзіўна асвятлялі крызіс 23–24 чэрвеня. Замест таго, каб адчайна шальмаваць Прыгожына і вагнэраўцаў, якіх асабіста Пуцін абвінаваціў у «здрадзе», многія або маўчалі, або імкнуліся заняць нейтральную пазіцыю. Ваенкары разважалі пра тое, што ў канфлікце вінаватыя абодва бакі, і спрабавалі паставіцца да мяцежнікаў з разуменнем. Напрыклад, адзін з самых папулярных вайсковых Z-каналаў «Рыбарь» (аўдыторыя – больш за 1,2 млн) увесь дзень называў дзеянні вагнэраўцаў «маршам справядлівасці» – нібыта гэта нейкая мірная дэманстрацыя, а не ўзброены мяцеж.

Такім чынам, можна высунуць гіпотэзу, што частка крамлёўскіх элітаў выкарыстала Прыгожына, каб націснуць на Пуціна. Магчыма, яны атрымалі ад яго патрэбныя саступкі. Напрыклад, некаторыя прапагандысцкія рэсурсы пішуць, што новым міністрам абароны можа стаць якраз Дзюмін.

Лёс самога Прыгожына ў такім выпадку не мае вялікага значэння – ён быў проста палітычным ледаколам.

Версія 3. Прыгожын – авантурыст, які спалохаўся

Нарэшце, ёсць і яшчэ адное тлумачэнне падзеяў 23–24 чэрвеня – самае простае. Магчыма, Прыгожын стаў закладнікам празмернай самаўпэўненасці і поўнай беспакаранасці. Можа, ён сапраўды паверыў у свой прапагандысцкі вобраз «вялікага военачальніка» і «народнага героя» ды разлічваў, што Крэмль адразу выканае ўсе ягоныя патрабаванні, як толькі ён прадэманструе сілу.

Аналітыка
Прыгожын распачаў вывад наймітаў з Бахмуту. Што далей будзе з ім і ПВК Вагнэра?
2023.05.25 19:05

Замест гэтага Пуцін паабяцаў Прыгожыну «немінучае пакаранне». Сілавыя структуры мяцяжу не падтрымалі. Невядома таксама, якія настроі панавалі сярод саміх наймітаў: наўрад ці яны з самага пачатку рыхтаваліся браць Маскву і не факт, што ў іх у прынцыпе былі сілы на гэта. У выніку Прыгожын у пэўны момант зразумеў, што ўсё роўна пацярпіць паразу і чым раней ён гэта прызнае, тым больш прыстойныя ўмовы капітуляцыі здолее выгандляваць.

Калі гэта версія адпавядае рэчаіснасці, то не выключана, што ніякіх дадатковых дамоўленасцяў у пагадненні Пуціна і Прыгожына не было: яму сапраўды даравалі свабоду ў абмен на спыненне мяцяжу. Цяпер бізнесовец страціць сваю прыватную армію і будзе вымушаны спадзявацца на тое, што Пуцін стрымае слова і сапраўды не будзе помсціць. З аднаго боку – гэта поўны правал. З другога боку – не найгоршы для бізнесоўца варыянт. Калі б Прыгожын прайграў бітву за Маскву, то яго б дакладна ніхто ў жывых не пакінуў.

Баец ПВК Вагнэра праходзіць міма танка на вуліцы каля мясцовага цырку ў горадзе Растоў-на-Доне, Расея, 24 чэрвеня 2023 г. Reuters / Forum

Пры чым тут Лукашэнка?

Застаецца не да канца зразумелым, якая была сапраўдная роля Аляксандра Лукашэнкі ў гэтых падзеях: стаў ён медыятарам – ці проста каналам сувязі, праз які Пуцін і Прыгожын абменьваліся пасланнямі? І чаму наогул спатрэбілася прыцягваць самаабвешчанага кіраўніка Беларусі да залагоджвання ўнутрырасейскага канфлікту? Дзмітрый Пяскоў патлумачыў выбар тым, што Лукашэнка каля 20 гадоў асабіста знаёмы з Прыгожыным і сам захацеў стаць пасярэднікам. Аднак гэта ніяк не тлумачыць, чаму Пуцін пагадзіўся на гэтую прапанову. Расейскі прэзідэнт быў настолькі ў роспачы, што хапаўся за любую прапанову? Або Прыгожын іншых пасланнікаў Крамля ігнараваў?

Так ці інакш, падзеі 23–24 чэрвеня можна лічыць малой перамогай Лукашэнкі – нават у тым выпадку, калі ягоныя функцыі былі чыста тэхнічнымі.

Па-першае, ён атрымаў магчымасць прадэманстраваць, што патрэбны Пуціну: Пяскоў ужо зазначыў, што Крэмль «высока цэніць» ініцыятыву Лукашэнкі. На фоне сталых размоваў пра тое, што ён страціў сваю суб’ектнасць і самастойнасць у стасунках з Расеяй, такая гісторыя адназначна пойдзе на карысць іміджу Лукашэнкі.

З другога боку, ён не стаў ворагам і для супрацьлеглага боку – ён не сказаў нічога кепскага ні пра вагнэраўцаў, ні пра Прыгожына. Больш за тое, Лукашэнка нібыта гатовы прыняць заснавальніка ПВК Вагнэра ў Беларусі. Разлік зразумелы: як бы ў будучыні ні перафарматаваўся расейскі рэжым, Лукашэнка мусіць мець добрыя стасункі з усімі вежамі Крамля.

Аднак нават з улікам гэтага спяшацца з высновамі не выпадае. Нельга выключаць, што пагадненне паміж Прыгожыным і Пуціным змяшчала і яшчэ нейкія дэталі, якія тычыліся Беларусі і застаюцца пакуль таямніцай. Напрыклад, невядома, на якіх умовах Прыгожын «выедзе ў Беларусь» і чым тут будзе займацца.

Каментар
Уладзімір Патокаў: Гэта яшчэ не грамадзянская вайна, але Прыгожын адчыніў скрыню Пандоры
2023.06.24 16:21

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў