21 верасня ўлады вызвалілі 63-гадовага Алега Груздзіловіча. Журналіста «Радыё Свабода» асудзілі на 1,5 года зняволення, за кратамі ён быў амаль 9 месяцаў, паведамляе «Свабода».
Журналіста «Радыё Свабода» Алега Груздзіловіча вызвалілі з магілёўскай калоніі № 15.
Але надалей за кратамі застаюцца журналісты рэсурсу Андрэй Кузнечык і Ігар Лосік.
«У Алега скралі час, пакуль ён быў несправядліва зняволены, які ён і ягоная сям’я ніколі не вернуць, і я вельмі шчаслівы, што цяпер ён уз’яднаецца са сваёй жонкай і іншымі блізкімі. Я ўдзячны прадстаўнікам міжнароднай і праваабарончай супольнасці за няспынную падтрымку ў справе Алега, але нашая праца не скончаная. Ігар Лосік і Андрэй Кузнечык таксама павінны быць неадкладна вызваленыя», – сказаў прэзідэнт Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода (RFE/RL) Джэймі Флай.
Алега Груздзіловіча асудзілі на 1,5 года нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзел у іх, за кратамі ён прабыў амаль 9 месяцаў.
«Вызвалены на падставе падпісанага прашэння аб памілавання. Але віну я не прызнаў», – распавёў на волі Алег Груздзіловіч.
У Беларусі за кратамі застаюцца 31 журналіст.
Алена Аляксандрава belsat.eu