Акруговы суд у Гаазе прызнаў вінаватымі расейца Ігара Гіркіна (Стралкова) і яго падначаленых Сяргея Дубінскага і Леаніда Харчанку вінаватымі і датычнымі да знішчэння самалёта «Boeing» MH17 і забойстве 298 яго пасажыраў у небе над Данбасам у ліпені 2014 года. Яшчэ аднаго абвінавачанага расейца Алега Пулатава прызналі невінаватым і адхілілі патрабаванне пракуратуры змясціць яго ў турму.
Гаагскі суд ацаніў агульную суму кампенсацыі сваякам ахвяраў крушэння MH17 больш чым у 16 млн еўра. Выплачваць кампенсацыю павінны Гіркін, Дубінскі і Харчанка. Таксама яны завочна асуджаныя да пажыццёвых тэрмінаў.
Суд палічыў даказаным, што рэйс MH17 быў збіты расейскай ракетай з ЗРК «Бук». У якасці доказаў суддзя называе след ад ракеты, спадарожнікавыя здымкі, паказанні сведак, перахопленыя тэлефонныя размовы і сляды паражаючых элементаў у самалёце. Таксама суддзя падкрэсліў, што ажыццявіць пуск ракеты мог толькі добра навучаны экіпаж і гэта не было выпадковасцю.
Таксама суд заявіў, што ў момант падзення «Boeing» у 2014 годзе Украіна знаходзілася ў неміжнародным узброеным канфлікце з самаабвешчанай «ДНР», якая, у сваю чаргу, знаходзілася пад кантролем Расеі.
Катастрофа рэйсу MH17 увайшла ў дзясятку найбуйнейшых авіякатастроф у свеце і стала найбуйнейшай авіякатастрофай на постсавецкай прасторы. Самалёт «Boeing 777» авіякампаніі «Malaysia Airlines», які выконваў рэйс Амстэрдам (Нідэрланды) – Куала-Лумпур (Малайзія), быў збіты ў небе над Данецкай вобласцю 17 ліпеня 2014 года. Усе 298 чалавек, якія былі на борце, загінулі. Дзве траціны пасажыраў – падданыя Нідэрландаў.
Усе 8 гадоў Расея адмаўляе любую датычнасць да таго, што здарылася. Нідэрланды выступалі з прапановаю стварыць міжнародны трыбунал пры ААН для пераследу вінаватых у катастрофе MH17, аднак Расея правам вета заблакавала гэтую ініцыятыву.
Алена Рувіна belsat.eu