Эканаміст кажа, лепей не будзе, але ўрад і Нацбанк пакуль што прынамсі не збіраюцца паўтараць ранейшых памылак, ад якіх можа стаць яшчэ горш.
Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, рэальныя наяўныя даходы беларусаў за студзень – чэрвень 2022 года ўпалі на 2,7 % адносна даходаў у студзені – чэрвені 2021-га. Падзенне пачалося пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне: у сакавіку рост даходаў спыніўся амаль на нулі, за студзень – красавік даходы ўпалі на 1,2 %, за студзень – травень – на 2,1 %.
Глядзім на ўсе даступныя звесткі Белстату: ёсць тэмпы росту рэальных наяўных даходаў з 1990 года, у якім БССР дэкларавала дзяржаўны суверэнітэт. Прымаем даходы мінулага 1989 года за 100 – на канец 2021 года маем 534 умоўныя адзінкі даходу.
Калі даходы працягнуць падаць такімі тэмпамі, як за чэрвень (на 0,6 адсоткавага пункта), дык паводле вынікаў 2022 года будзе падзенне на 6,3 % – застанецца 93,7 % адносна даходаў 2021 года. Гэта будзе параўнальна з падзеннем даходаў у 2015 і 2016 гадах (адпаведна на 5,9 % і 6,9 %). І нават калі падзенне даходаў паводле вынікаў года спыніцца на цяперашніх 2,7 %, гэта будзе мацней за крызісы 2011 (тады даходы ўпалі на 1,1 %) і 1999 года (на 2,4 %).
У пачатку 1990-х, вядома, было горш, але тады Беларусь перажывала пераход ад планавай да рынкавай эканомікі пасля распаду Савецкага Саюзу, які, у сваю чаргу, распадаўся на фоне наймацнейшага працяглага эканамічнага крызісу і татальнага дэфіцыту.
Яны паказваюць, колькі тавараў і паслугаў можна купіць у параўнанні з мінулым годам. То бок у 2021 годзе беларусы ў сярэднім маглі купіць у пяць разоў больш, чым у 1989 годзе, але на даходы за першую палову цяперашняга года могуць купіць на 2,7 % менш, чым маглі купіць за першую палову мінулага.
Белстат тлумачыць гэты паказнік так:
Важна таксама разумець, што:
Белстат падлічвае таксама пакупніцкую здольнасць у асобных прадуктах: у розных відах мяса, у малацэ і яйках, у цукры і муцэ, у рысе і макароне, у моркве і яблыках, у мужчынскіх кашулях і жаночых спадніцах, у пральных машынах і паездках на гарадскім аўтобусе…
Напрыклад, у кілаграмах мяса птушкі (відаць, гаворка пра курку) «пакупніцкая здольнасць сярэднедушавых наяўных даходаў насельніцтва на месяц» выглядала так:
А ў кілаграмах бульбы – так:
Звестак пра пакупніцкую здольнасць за 2022 год пакуль няма.
Дарэчы, да статыстыкі Белстату ёсць пытанні. Напрыклад, сярэдні налічаны заробак і нават медыянны заробак вельмі далёкія ад таго, якія заробкі прапануюць беларусам на сайтах вакансіяў. Пра рост цэнаў беларусы нярэдка кажуць: адчулі значна большы рост за афіцыйны паказнік інфляцыі (мы правяралі: пры афіцыйнай інфляцыі 8,5 % за люты – травень пабачылі рост цэнаў на розныя наборы тавараў на 9,22 %, 10,61 % і 17 %).
Эканаміст Леў Марголін кажа «Белсату», што не бачыць ніякіх знакаў, каб сітуацыя з даходамі стала лепшай. Ад палітыкі беларускіх уладаў цяпер залежыць хіба тое, наколькі стане горш:
«Калі ўсё будзе працягвацца так, як цяпер, я думаю, што падзенне даходаў будзе паводле вынікаў года меншым за 10 %, – разважае Марголін. – То бок будзе 90 з нечым адсоткаў ад мінулага года».
Але калі ўрад і Нацыянальны банк захоча за кошт людзей дапамагчы айчыннай прамысловасці, то бок разгарнуць ільготнае крэдытаванне, уключыць друкарскі станок, можа быць нашмат большае падзенне. Пакуль што, гледзячы па тым, як яны паводзяцца ў першую палову года, я схіляюся да думкі, што ў іх хопіць розуму не рабіць грубых памылак».
Нягледзячы на палітычны крызіс і ўвядзенне санкцыяў, у 2021 годзе даходы беларусаў выраслі, калі верыць Белстату. Марголін тлумачыць: год быў вельмі ўдалы для беларускай эканомікі дзякуючы экспарту, у тым ліку калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў. Санкцыі былі яшчэ не такія моцныя, дый ёсць пэўны перыяд паміж увядзеннем санкцыяў і пачаткам іх уздзеяння на даходы насельніцтва. Да таго ж, у беларускіх прадпрыемстваў ёсць «звычка»: нават калі няма куды збываць прадукцыю, яе вырабляюць «на склад» і спадзяюцца прадаць потым. Калі ва ўсіх краінах змяншалася вытворчасць у сувязі з каронавірусам, у Беларусі яна заставалася на прыблізна дапандэмійным узроўні – і, як аказалася, эканамічны сэнс у гэтым быў.
Але замежнагандлёвы цуд скончыўся, а санкцыі цяпер нашмат мацнейшыя.
У 2011 годзе нават меншае падзенне даходаў выклікала працяглыя «маўклівыя пратэсты», але ў 2015–2016 гадах большае за цяперашняе падзенне даходаў прайшло амаль незаўважна – нават на прэзідэнцкія і парламенцкія выбары пратэсты былі не надта масавыя, а страйк прадпрымальнікаў быў звязаны не наўпрост з падзеннем даходаў, а з указам, які рабіў дзейнасць прадпрымальнікаў яшчэ цяжэйшай.
Марголін удакладняе: падзенне даходаў 2015–2016 года не прайшло незаўважна. Тыя, хто жыве на заробкі і пенсіі, яшчэ як яго заўважылі. Іншая справа, што не адрэагавалі. Чаму – гэта ўжо складанае пытанне, якое залежыць ад шматлікіх чыннікаў. Нават калі цяпер падзенне будзе больш істотным, немагчыма прадказаць, выйдуць ці не выйдуць людзі на вуліцы.
Алесь Наваборскі belsat.eu