У хадзе аперацыі пад Бахмутам полк Каліноўскага панёс страты


У афіцыйным тэлеграм-канале палка Каліноўскага з’явілася афіцыйная заява аб тым, што пад Бахмутам беларускія ваяры панеслі страты. Ёсць адзін загінулы, чацвёра зніклі без вестак, а яшчэ некалькі атрымалі раненні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: t.me/belwarriors

«У хадзе аперацыі пад Бахмутам батальён «Волат» палка Каліноўскага панёс страты, – гаворыцца ў заяве. – На жаль, адзін ваяр загінуў, яшчэ чацвёра на дадзены момант лічацца зніклымі без вестак, але яны дакладна не ў палоне… Яшчэ некалькі байцоў атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Цяпер іх жыццю нічога не пагражае».

Прадстаўніца палка Крысціна (Чабор) паведаміла, што раскрыць падрабязнасці аперацыі яна не можа. З прычыны бяспекі не могуць раскрывацца і асобы ваяроў.

Таксама ў заяве было адзначана, што полк Каліноўскага застаецца на сувязі са сваякамі загінулага і зніклых без вестак ваяроў.

«Гэта цяжкі дзень не толькі для палка Каліноўскага, але і для ўсяго беларускага народу. Гэтая вайна працягвае забіраць беларускіх герояў, якія аддалі самае дарагое для перамогі над агрэсарам – уласнае жыццё».

Таксама ў заяве прагучаў зварот да ўсіх медыяў, каб «уся інфармацыя аб тым, што адбываецца», бралася з афіцыйных крыніцаў. «Каб не ставіць пад пагрозу бяспеку тых, хто працягвае выконваць аперацыю, набярыцеся цярпення».

«Нягледзячы на нашы страты, – адзначыла ў звароце Крысціна (Чабор), – мы працягваем шлях да перамогі. Жыве Беларусь! Слава Украіне!»

РШ belsat.eu

Стужка навінаў