Эканоміка Беларусі пачала год з падзення


Па выніках студзеня 2023 году валавы ўнутраны прадукт Беларусі скараціўся на 5 % у супастаўных цэнах у параўнанні з першым месяцам мінулага году і склаў 15,9 млрд рублей, паведамляе Белстат.

Будынак МАЗ. Менск, Беларусь, 26 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Як сведчаць, статыстычныя дадзеныя, уніз эканоміку пацягнулі прамысловасць, гандаль і скарачэнне грузаперавозак.

Прамысловай прадукцыі было выраблена на 14,1 млрд. рублёў, што на 4,1% менш, чым годам раней. На 7,8% менш выраблена электраэнергіі, газу, пара, гарачай вады і кандыцыянаванага паветра, на 3,7% скарацілася вытворчасць у апрацоўчай прамысловасці, доля якой складае каля 80%. З мінусам у 0,3% спрацавала «водазабеспячэнне; збор, апрацоўка і выдаленне адходаў, дзейнасць па ліквідацыі забруджванняў». У плюсе – 2,2% толькі горназдабыўчая галіна.

Адмоўная дынаміка зафіксаваная і ў гандлі. Рознічнае тавараабарачэнне ў студзені 2023 скарацілася на 2,9% у адносінах да студзеня 2022 года да 5,3 млрд.рублёў. Тавараабарачэнне ў аптовым звяне ўпала на 21% (10,3 млрд рублёў). Затое вырас абарот у грамадскім харчаванні – на 5,7% да 359,5 млн.рублёў.

На 15, 4% павялічылася ў студзені 2023 года пасажыраабарачэнне  (1632 млн. пасажыра-кіламетраў) у параўнанні з адпаведным перыядам 2022 году. Паслугамі пасажырскага транспарту скарысталіся 128,1 млн. чалавек, што на 3,5% больш, чым годам раней. Тады як з грузамі іншая сітуацыя – іх абарачэнне абвалілася на 33% да 5,5 млрд. тона-кіламетраў.

У плюсе сельская гаспадарка. Там у студзені 2023 года вырабілі прадукцыі на 3,4% больш, чым у студзені 2022 года – на 1589,5 млн. рублёў. Больш выгадавалі жывёлы і птушкі (у жывой вазе) – на 5,3%, надаілі малака – на 3,4%.

Нагадаем, што сёлета ўлады Беларусі запланавалі рост валавога ўнутранага прадукту на 3,8 % да ўзроўню 2022 года. Эксперты Сусветнага банку лічаць, што ў 2023 годзе ВУП Беларусі скароціцца на 2,3 %.

Алена Голуб belsat.eu

Стужка навінаў