У нядзелю, 16 ліпеня, у Беларусі захаваецца спякотнае надвор’е. Як адзначае Белгідрамет, максімальная тэмпература ўдзень складзе ад +27°С на ўсходзе да +34°С на захадзе краіны, па Берасцейскай вобласці месцамі +35°С.
Але ўжо ў панядзелак спёка пачне спадаць. А неўзабаве тэмпература «стане нават крыху ніжэйшайшай за кліматычную норму».
17 ліпеня чакаецца пераменная воблачнасць. Уначы і раніцай на большай частцы тэрыторыі, удзень месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Тэмпература паветра мінімальная ноччу ад +12°С, па ўсходзе да +20°С па паўднёвым захадзе краіны, максімальная ўдзень +25..+31°С, па поўдні краіны паветра прагрэецца да +33°С.
18 ліпеня чакаецца пераменная воблачнасць. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі прагрымяць навальніцы. Тэмпература паветра мінімальная ноччу +13..+19°С, максімальная ўдзень +20..+27°С, па паўднёвым усходзе краіны паветра прагрэецца да +29°С.
19 ліпеня за сітуацыю ў атмасферы стануць адказваць прахалодныя паветраныя масы з паўночнага захаду Еўропы. Уначы +9°C…+14°C, удзень слупкі тэрмометраў будуць на адзнаках ад +19°C па Магілёўшчыне да +26°C па Берасцейшчыне.
20 ліпеня часам пройдуць дажджы рознай інтэнсіўнасці, месцамі навальніцы. Уначы і раніцай – слабы туман. Ноччу +9°C..+14°C. Удзень ад +15°C па захадзе да +24°C па ўсходзе, у пятніцу +13°C..+19°C.
У выходныя пройдуць кароткачасовыя дажджы, магчымыя навальніцы. Пад раніцу слабыя туманы. Ноччу +10°C..+15°C. Удзень у суботу +18°C..+21°C, у нядзелю ад +14°C па ўсходзе да +20°C па захадзе.
Якуб Хруст belsat.eu