Аўта з расейскай рэгістрацыяй пры ўездзе ў Літву можа быць канфіскаванае


У кіроўцы, які заедзе на тэрыторыю Літвы на аўтамабілі, зарэгістраваным у Расеі, машыну могуць канфіскаваць. Пазбегчы канфіскацыі можна ў тым выпадку, калі карыстацца калінінградскім транзітам. Віной усяму – новыя тлумачэнні да санкцыяў, якія з’явіліся 8 верасня ад Еўрапейскай камісіі. Але вось у Фінляндыі пакуль не спяшаюцца выконваць забароны Еўракамісіі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: autogrodno.by

«Кожны, хто перасякае мяжу, няхай гэта будзе грамадзянін Расеі або грамадзянін ЕЗ, едучы з зарэгістраванымі ў Расеі нумарамі, калі ў яго няма дакументаў, якія пацвярджаюць, што ён карыстаецца калінінградскім транзітам, павінен быць папярэджаны аб тым, што яго аўтамабіль пры ўездзе будзе канфіскаваны», – прыводзіць выданне «Delfi» словы намесніцы міністра замежных справаў Літвы Ёвіты Нялюпшыене.

Спадарыня Нялюпшыене падкрэсліла, што на цяперашні момант грамадзяне Расеі могуць перасякаць мяжу (у выпадку, калі ў іх ёсць такое права) толькі на аўтобусе ці пешшу.

А вось памежныя пераходы ў Фінляндыі пакуль будуць працаваць па-старому, хоць новая інтэрпрэтацыя санкцыйных абмежаванняў зразумелая і Фінляндыя павінна яе выконваць, адзначыў інфармацыйны менеджар прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Фінляндыі Ісма Ульвіла.

Прадстаўнікі мытні і фінскага МЗС пакуль ацэньваюць, як новая рэкамендацыя ў тлумачэнні санкцыйных абмежаванняў паўплывае на Фінляндыю. Тым часам у краіне будзе дзеяць ранейшая інтэрпрэтацыя.

Нагадаем, што згодна з новай інтэрпрэтацыяй санкцыйнага заканадаўства ў дачыненні Расеі ўезд у краіны Еўразвязу на аўтамабілях, зарэгістраваных у Расейскай Федэрацыі, лічыцца забароненым імпартам. Пад санкцыі трапляюць і іншыя прадметы: фотаапараты, ноўтбукі, тэлефоны, цыгарэты, прыборы для галення, шампунь, мыла і іншыя тавары, якія забаронена ўвозіць на тэрыторыю Еўразвязу нават часова.

Hавiны
Расейцам прыгразілі канфіскацыяй аўтамабіляў, смартфонаў і ноўтбукаў пры ўездзе ў ЕЗ
2023.09.10 16:12

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў