12 сакавіка ў Варшаве прайшла акцыя падтрымання беларускіх жанчын-палітвязняў: у Беларусі на сёння іх больш за 190, а за перыяд з 2020 да 2023 года паводле палітычных справаў былі асуджаныя 560 жанчын – гэта і тыя, што паспелі з’ехаць, і тыя, што ўжо выйшлі на волю.
На акцыі выступіла Ганна Канавалава, унукі якой не бачылі сваіх бацькоў два з паловай гады: і маці, і бацька цяпер у няволі. У размове з «Белсатам» жанчына кажа, што за гэты час дзеці ўжо пайшлі ў школу.
«Ваню восем гадоў, ён у другім класе, Насці – шэсць, яна пайшла ў першы клас. У школе да іх ставяцца як да ўсіх, ніхто не вылучае, – распавядае Ганна Канавалава. – Дзеці камунікабельныя, актыўныя, ім у школе падабаецца».
Ганна выхоўвае дзетак адна. «Нашая сям’я падзялілася: нехта на перадавой, нехта ў палоне. Мой муж застаўся ў Беларусі, каб падтрымліваць Антаніну і Сяргея, а я тут з дзецьмі», – кажа яна.
Падчас акцыі дзеці Антаніны выглядаюць як самыя актыўныя ўдзельнікі сходу – дэкламуюць крычалкі, пяюць песні, танчаць са сцягамі пад беларускую музыку. Паводле Ганны, яна наведвае амаль усе беларускія акцыі ў Варшаве.
«Мы ўжо два гады ходзім сюды, а таксама пад украінскую і расейскую амбасады. У нас ёсць такая патрэба – хадзіць [на гэтыя акцыі. – Заўв. Belsat.eu.], бо іхным маці і бацьку там цяжка. Сённяшнюю акцыю мы прысвячаем жанчынам-палітвязням. Жаночая калонія страшнейшая, чымся мужчынская – прынамсі так кажуць», – распавядае жанчына.
На пытанне, адкуль яна бярэ сілы, жанчына кажа, што проста не мае іншага выйсця.
«Мне што – сядзець і плакаць? Трэба гадаваць дзетак, дапамагаць дачцэ і зяцю. Я іду. Я абрала такі шлях. Мая дачка абрала такі шлях. Муж мой абраў гэткі шлях».
Паводле Ганны, яна рэгулярна атрымлівае лісты ад дачкі, але тая ў іх нічога не распавядае: піша, што ўсё добра. Агульную карціну, што адбываецца з Антанінай, жанчына складае на падставе аповедаў тых, хто выходзіць з-за кратаў.
«Мы ніколі не рыхтавалі Антаніну да турмы, да таго, што 24/7 яна будзе камунікаваць са злачынцамі, – кажа Ганна. – Нашыя дзяўчаткі, якія трапілі ў турму, удыхнулі туды іншы свет, пачалі змяняць яе. Раней там была зусім іншая атмасфера».
Антаніна Канавалава падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай. Жанчыну затрымалі 6 верасня 2020 года. 2 кастрычніка затрымалі ейнага мужа Сяргея Ярашэвіча. Яны ўтрымліваліся ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску, 7 траўня 2021 года іх судзілі разам у рамках так званай справы тэлеграм-каналу «Армія з народам». Антаніну пакаралі пяццю з паловаю гадамі калоніі, а Сяргею прысудзілі шэсць гадоў і тры месяцы зняволення. Антаніна ўтрымліваецца ў гомельскай калоніі, Сяргей – у ваўкавыскай.
Ян Лісіцкі belsat.eu