У цэнтры Менску здарыўся пажар у рэстаране. Госці ў паніцы выбеглі надвор, пры гэтым персанал пастанавіў ратавальнікаў не выклікаць. Як паведамляе МНС, ніхто не пацярпеў.
Пажар адбыўся ўначы ў рэстаране «Maslow 6» на Інтэрнацыянальнай вуліцы. Відэа з месца здарэння відавочцы апублікавалі ў сацсетках. На запісах відаць ахопленую полымем дэкарацыйную ялінку, прымацаваную да столі, людзей, якія ў паніцы выбягаюць з памяшкання і спрабуюць затушыць агонь напоямі са шклянак, і чуваць крыкі: «Надвор! Надвор!»
У аператыўнай зводцы МНС за содні адзначаецца, што ў Менску «пажараў не зарэгістравана». Пазней высветлілася, што пажар у рэстаране не трапіў у статыстыку, бо ратавальнікаў ніхто не выклікаў.
Як паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў, ялінка загарэлася праз парушэнне правілаў выкарыстання піратэхнічных вырабаў. Паводле неафіцыйных звестак, прычынаю стаўся феерверк на торце.
У гэты момант у памяшканні было каля 30 асобаў, усе эвакуяваліся самастойна, пацярпелых няма. Персанал запэўнівае, што агонь затух за хвіліну, таму ратавальнікам не пазванілі.
У выніку ўзгарання закураная столь і прадметы інтэр’еру. Вядзецца высвятленне сітуацыі.
У МНС нагадалі, што ў выпадку пажару неабходна паклапаціцца пра ўласную бяспеку, а потым выклікаць ратавальнікаў праз нумар 101 або 112.
Сцяпан Кубік belsat.eu