Інвестары сышлі, расейскія вайскоўцы прыйшлі. Як і чым жыве невялікі раённы цэнтр на Берасцейшчыне


Закінутыя будаўнічыя пляцоўкі, апусцелыя кавярні, бранябойныя шыбы ў будынку райвыканкаму і вайскоўцы чужой краіны ў цёмна-зялёнай форме з Z-сімволікай. Гэтак выглядае амаль сярэднестатыстычны раённы цэнтр у сучаснай Беларусі. Актыўнае насельніцтва паціху раз’язджаецца, а тыя, хто застаецца, паступова пранікаюцца наратывамі дзяржаўнай прапаганды. 

Івацэвіцкі вакзал.
Фота: «Белсат»

Інфармацыя пра невялікія раённыя гарады ў беларускіх медыях з’яўляецца даволі рэдка. Івацэвічы, раённы цэнтр на Берасцейшчыне, не выключэнне. Улетку даволі гучнай навіной з гэтага гораду было паведамленне пра затрыманне тут расейскага вайскоўца, які навучаўся на Абуз-Лясноўскім вайсковым палігоне і пʼяным за стырном трапіўся працаўнікам ДАІ. Але нават не гэтая інфармацыя была цікавай, бо для жыхароў гораду расейскія вайскоўцы зрабіліся звыклай зʼявай. Літаральна праз 15 хвілінаў пасля таго, як спынілі аўтамабіль, на дапамогу працаўнікам ДАІ прыбылі ўзброеныя амапаўцы. Вядома, што ў правінцыйных гарадах няма сваіх аддзелаў з сілавікамі. Але тое, што яны прыбылі даволі хутка, сведчыць, што сілавікі нясуць дзяжурствы і, відаць, не толькі ў Івацэвічах, але і ў іншых гарадах Беларусі.

Hавiны
«Мяне казлом абазвалі беларусы!» У Івацэвічах затрымалі расейцаў на аўтамабілі з Z-налепкай
2023.06.18 15:12

Зрэшты, аўтар гэтых радкоў, чакаючы каля мясцовага РАУС, пакуль вызваляць з ІЧУ знаёмых, якіх схапілі на 72 гадзіны, на ўласныя вочы некалькі разоў бачыў, як да будынку прыязджаў ПАЗік, прычым зусім без нумароў. З аўтобуса выскокваў дзясятак моцных маладых хлопцаў у зялёнай форме з пазнакай АМАП і заходзіў у будынак міліцыі. Куды яны потым накіроўваліся і дзе размяшчаліся – інфармацыі пра гэта няма ніякай. Але тое, што міліцыянтам цяпер складаней, відавочна. Яшчэ ў мінулым годзе летам працаўнікоў РАУС абавязалі на выклікі зʼяўляцца ў поўным абмундзіраванні. Выглядала недарэчна: калі на рынку бабулька незадаволеная паведамляла пра нейкае здарэнне, то, каб апытаць пажылую жанчыну, на 30-градуснай спёцы прыбываў атрад з РАУС у шлемах, бронекамізэльках, з аўтаматамі, дубінкамі.

Затрыманне расейцаў на аўтамабілі з Z-налепкай. Івацэвічы, Беларусь. 17 чэрвеня 2023 года.
Фота: «Ганцавіцкі час» / ganc-chas.by

У студзені сёлета поўная амуніцыя зрабілася характэрным знакам і для працаўнікоў ДАІ. Бронекамізэлькі, аўтаматы Калашнікава. І чалавек у такой амуніцыі спыняе аўтамабіль і падыходзіць да кіроўцы, каб проста спраўдзіць дакументы. Выглядае гэта вельмі дзіўна, але міліцыянты ніяк не рэагуюць на пытанне пра амуніцыю. Пазней бронекамізэлькі зніклі, але аўтаматы так і засталіся на ўзбраенні.

Аналітыка
«Лукашэнка ператварае Беларусь у сметнік». Што значыць мяккая анексія, пра якую кажа АБСЕ
2023.07.06 20:58

Нервовасць і нявырашанасць палітычнага крызісу з 2020 года адчуваецца асабліва ў будынку мясцовай улады. Яшчэ больш адчувальным гэта зрабілася пасля расейскага ўварвання ва Украіну. У пачатку 2023 года ў Івацэвіцкім райвыканкаме раптоўна пачалі замяняць звычайныя шыбы на бранябойныя. З чым гэта звязана – невядома, але рабочыя, якія змянялі шыбы, абураліся: маўляў, вось пра каго найперш дбае ўлада – пра самых сябе. Ад каго такім чынам чыноўнікі будуць бараніцца – не паведамлялася.

Івацэвіцкі райвыканкам.
Фота: «Белсат»

Адметна, што з пачатку года кіраўніцтва раёну загадала, каб ува ўсіх гарадскіх школах расчысцілі падвалы. Адказныя за гаспадарку выканалі загад, але засталіся з нявырашанай праблемаю, куды ж дзяваць рэчы, якія раней захоўвалі там. Некаторыя выказвалі здагадку, што расчысцілі падвалы дзеля стварэння там бамбасховішчаў. Паўсюль правялі электрычнасць, зрабілі асвятленне. Падобныя загады былі таксама ў Бярозаўскім і Пружанскім раёнах. Пазней расчышчаць падвалы пачалі і ўва ўсіх вясковых школах раёну. Цяпер вычышчаюць падвалы ў будынках сельскіх саветаў.

Аб’ектыў
Змены з 1 ліпеня – перарэгістрацыя рамеснікаў і аграсядзібаў
2023.06.30 22:07

Расейскія вайскоўцы – звыклая з’ява

Характэрнай для гораду з’явай зрабілася прысутнасць расейскіх вайскоўцаў. Цёмна-зялёная форма з Z-сімволікай і недружалюбныя погляды ў крамах, на вуліцах, на пошце, на аўтазапраўцы. Пазней на вуліцах гораду пачала ўсё часцей зʼяўляцца вайсковая тэхніка, таксама зʼявілася і V-сімволіка на аўтамабілях з нумарамі рэгіёну 41. Гэтыя грузавыя вайсковыя машыны прыбылі з Казані, пра што сведчыць інфармацыя на кабіне за шклом кіроўцы. Ад Івацэвічаў Казань размяшчаецца на адлегласці больш за 1700 кіламетраў. Адзін з кіроўцаў такога цяжкавіка ўчыніў смяротнае ДТЗ, у выніку якога загінуў малады беларус. У забітага жыхара Івацэвічаў засталіся жонка і маленькі сын. Падчас следчага эксперыменту ў справе гэтага ДТЗ усе міліцыянты гораду былі на вуліцах. У поўнай амуніцыі і са зброяй яны сачылі за тым, каб родныя забітага расейцам не абрынулі сваю злосць на чужых вайскоўцаў. Відавочна, што міліцыянты ахоўвалі не грамадзянаў сваёй краіны, а менавіта чужынцаў.

Расейская вайсковая паліцыя ў Івацэвічах.
Фота: «Белсат»

Зʼяўленне вялікай колькасці расейскіх вайскоўцаў у Івацэвічах абумоўленае тым, што адносна недалёка месціцца не толькі Абуз-Лясноўскі палігон, але і вайсковая частка ў вёсцы Волька, дзе таксама размясцілі расейскіх салдатаў. Па другі бок месціцца палігон у Ружанах, адкуль таксама ў крамы ці па справах прыязджалі салдаты арміі іншай краіны. Даволі папулярнымі для вайскоўцаў у раённым цэнтры зрабіліся такія крамы, як «Светофор». Найбольш запатрабаваным расейцамі ў гэтай краме ёсць алкаголь. Аўтар бачыў на свае вочы, як яны набывалі выключна спіртовыя напоі на суму 1600-2000 рублёў.

Расейскія вайскоўцы ў Беларусі.
Фота: modmilby / Telegram

Перад прыходам расейцаў сышлі інвестары з Захаду

Калі б у кіраўніцтва краіны была іншая палітыка, то замест расейскіх захопнікаў на вуліцах гарадоў былі б інвестары, замежнікі, турысты. Яшчэ з дзясятак гадоў таму ў Івацэвічах нямецкі прадпрымальнік стварыў прадпрыемства «PoliPol». Нягледзячы на санкцыі, завод працуе (і даволі паспяхова) нават цяпер. Яшчэ да 2020 года інвестар вырашыў пашырыць вытворчасць і пастанавіў збудаваць новы сучасны і вялікі завод. Дзеля гэтага пачаліся падрыхтоўчыя працы. На выдзеленым участку зямлі пачалі пераносіць высакавольтную лінію электраперадачы, а саму пляцоўку выраўнялі.

Жыхары спадзяваліся на стварэнне новай вытворчасці і з’яўленне новых працоўных месцаў. Горад атрымаў бы імпульс для развіцця. Верагодна, што для зручнасці жыхароў зʼявіліся б новыя кавярні, новыя абʼекты інфраструктуры. Але пасля ўвядзення санкцыяў інвестар палічыў, што страціў некалькі мільёнаў еўраў, і нібыта заявіў, што больш ніколі не прыедзе ў Беларусь. Цяпер вялізны пляц абнесены агароджай з інфармацыйным стэндам пра будаўніцтва. Працы тут даўно не вядуцца, а пляцоўка зарастае пустазеллем. Як і перспектывы невялікага гораду.

Месца, дзе планавалася будаўніцтва заводу ў Івацэвічах.
Фота: Google.maps

З працай штогод у Івацэвічах становіцца складаней. Раней горадаўтваральнае прадпрыемства «Івацэвічдрэў» прыцягвала спецыялістаў і працаўнікоў стабільным заробкам і прыстойнай працай. Цяпер жа там больш звальняюць, чым прымаюць новых работнікаў. Рынкаў збыту няма. Сыравіну няма куды дзяваць.

«Івацэвічдрэў».
Фота: «Белсат»

Падобная сітуацыя і з іншымі дрэваапрацоўчымі прадпрыемствамі. Шмат якія бізнесоўцы спадзяваліся на тое, што іх прадукцыя з драўніны будзе патрэбная Кітаю, але пасля першых жа паставак падлічылі выдаткі і вымушана пайшлі на скарачэнні.

Закрываюць свае справы не толькі прадпрымальнікі ў сферы дрэваапрацоўкі. Практычна не засталося ў горадзе прадпрымальнікаў, якія працуюць у камп’ютарнай сферы. Адрамантаваць зламаны ноўтбук, прынтар, тэлефон зрабілася рэальнаю праблемаю. Большасць бізнесоўцаў у 2020 годзе ўзяла ўдзел у акцыях пратэсту супраць гвалту. Пасля гэтага мясцовыя чыноўнікі забаранілі прадпрыемствам звяртацца да апальных іпэшнікаў. Нягледзячы на страты і цяжкасці для самых сябе, прадпрыемствы вымушаныя былі выконваць гэтыя патрабаванні.

Красамоўна прасочваецца стаўленне чыноўнікаў да прадпрымальнікаў падчас сустрэчаў як працоўных, гэтак і побытавых. Калі да 2020 года бізнесоўцаў у калідорах чыноўнікаў называлі «прадпрымальнікамі», то паступова зварот змяніўся на грэблівае «камерсанты».

Інтэрв’ю
Аляксей Дзікавіцкі: «Захапіў мяне гэты космас палескі»
2023.07.01 08:00

Для моладзі перспектыва – выезд з Беларусі

Тым часам моладзь і людзі сярэдняга веку не шукаюць працы ў сваім горадзе, а імкнуцца ўладкавацца за мяжой. Найбольш даступным і простым спосабам зрабілася праца ў грузаперавозках у краінах Еўропы. У самым горадзе заўважна скарацілася колькасць маладых людзей, яны ўсё радзей прыязджаюць на адпачынак пасля месяцаў працы за мяжой. Транспартавыя фірмы, каб не займацца візамі, актыўна дапамагаюць кіроўцам з Беларусі атрымаць від на жыхарства. Усё гэта прыводзіць да таго, што моладзь усё радзей прыязджае дадому нават падчас перапынку ў працы. Паступова яны ўладкоўваюць сваё жыццё ў краінах ЕЗ.

Людзі ўсё часцей абмяркоўваюць магчымасці выезду з Беларусі. Прычым калі раней актыўна намагаліся выехаць маладыя, то цяпер пра гэта кажуць асобы 35-45 гадоў, якія ўжо маюць нерухомасць, бізнес і наладжаны спосаб жыцця. Шмат хто пачаў прадаваць сваё жытло і шукаць магчымасці перабрацца ў суседнія Польшчу ці Літву.

Пры гэтым значная частка жыхароў раённага цэнтру становіцца ўсё больш апалітычнай. Чытаць у тэлефоне навіны «экстрэмісцкіх» каналаў зрабілася небяспечна. Улады актыўна з гэтым змагаюцца. На прадпрыемствах ладзяць правяранні мабільных тэлефонаў. Патрабуюць выдаліць тэлеграм-каналы, забараняюць карыстацца YouTube. Адметна, што ў гэтай сітуацыі людзі пачынаюць актыўна карыстацца TikTok і даведвацца пра навіны там. Але шмат для каго асноўнай крыніцай інфармацыі становіцца дзяржаўнае тэлебачанне, і яны пачынаюць паўтараць наратывы беларускай прапаганды.

Разбор
Хэпі-энд для Беларусі. Чатыры сцэнары таго, як ён можа адбыцца
2023.06.30 07:15

Антось Белы belsat.eu

Стужка навінаў