Лукашэнка ўсклаў на беларусаў даўгі Мёрскага заводу, якіх не было да затрымання кіраўніцтва сілавікамі


Аляксандр Лукашэнка 8 жніўня наведаў завод па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі ТАА «ММПЗ-груп» у Мёрах, дзе заявіў пра нацыяналізацыю прыватнага прадпрыемства.

Аляксандр Лукашэнка на Мёрскім заводзе.
Фота: president.gov.by

«Ідэальнае прадпрыемства ператварылі ў банкрута. У нас прадпрыемстваў такіх няма. Гэта суперпрадпрыемства. Тут проста трэба закасаць рукавы і вырабляць прадукцыю, збываць», – сказаў ён.

Чыноўнікі разлічваюць, што напоўніцу завод пачне працаваць у 2024 годзе.

«Каб на працягу тыдня тут быў завод з дырэктарам. Ніякага банкруцтва, ніякага антыкрызіснага кіраўніка. Будзе дырэктар – ён будзе займацца крызісам. Трэба спыніць усю гэту балбатню», – запатрабаваў Лукашэнка.

Паводле яго, прыватныя ўласнікі заводу свае абяцанні не выканалі, сарваўшы тэрміны ўвядзення вытворчасці ў эксплуатацыю і пачаўшы звальняць людзей. Больш за тое, яны нібыта выявіліся нячыстымі на руку.

Лукашэнка заявіў, што ўсе, хто праходзіць у крымінальнай справе, павінныя кампенсаваць шкоду – «грошы «ў касу».

Калі пачаліся праблемы

Бізнесовец Аляксей Кавалёнак з партнёрамі запусціў Мёрскі металапракатны завод у 2020 годзе. Інвестыцыі склалі 200 млн еўра. У тым жа годзе «ММПЗ-груп» заключыла спонсарскі кантракт з адной з вядучых гоначных камандаў Formula1 McLaren.

У пачатку лета 2021 года сілавікі затрымалі гендырэктара заводу Пятра Шымуковіча, ягонага намесніка ў эканоміцы і фінансах Дзмітрыя Слаўнікава, кіраўніка рады дырэктараў Аляксея Кавалёнка ды яшчэ пяць чалавек.

Паводле КДБ, іх абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 424 КК («Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі»), ч. 6 арт. 16 («Саўдзел у злачынстве») і ч. 2 арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў»).

Пасля гэтага Раман Галоўчанка паабяцаў, што «дзяржава прыме неабходныя крокі стабілізацыі фінансава-эканамічнага стану заводу, нягледзячы на тое, што яго ўласнікамі дапушчаны як эканамічныя пралікі, так і пэўныя элементы дзелавой неахайнасці, ацэнку якім ужо дадуць іншыя структуры». Але работнікі прадпрыемства настойвалі, што «праблемы і складанасці ў заводу пачаліся пасля затрымання, калі большая частка партнёраў страціла сувязь з кіраўніцтвам заводу».

Пасля таго, як улады сталі актыўна «ратаваць» завод, у яго ўзніклі праблемы з пагашэннем запазычанасці перад «Беларусбанкам». Апошні фактычна праз год пасля затрымання кіраўніцтва заводу падаў прынамсі шэсць пазоваў супраць «ММПЗ-груп» на сотні тысяч еўраў.

Hавiны
143 дзяржаўныя банкруты. Каго цяпер ліквідуюць, каго рэанімуюць – ад «Мотавела» да піяніна «Беларусь»
2021.11.07 09:09

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў