Нацбанк упершыню за год раскрыў структуру міжнародных рэзерваў Беларусі


Міжнародныя рэзервы Беларусі выраслі за месяц на $ 0,18 млрд, да $ 7,97 млрд, паведамляе Нацбанк. У структуры актываў павялічыўся кошт золата, акрамя таго, рэгулятар назапасіў больш валюты.

Фота: Белсат

Паводле звестак на 1 жніўня, міжнародныя рэзервы Беларусі склалі $ 7 973 500 000. Большая частка актываў – $ 3,41 млрд – гэта золата. $ 3,16 млрд назапашана ў валюце. Нацбанк упершыню за год раскрыў структуру рэзерваў.

За месяц актывы павялічыліся на $ 0,18 млрд дзякуючы таму, што выраслі кошты на золата, а рэгулятар набываў валюту.

З пачатку года дзяржаўная скарбонка павялічылася на $ 0,44 млрд. Самы буйны памер рэзерваў сёлета адзначаўся 1 лютага, тады было амаль $ 8,14 млрд.

Праект «Кошт урада», прааналізаваўшы раскрытую структуру рэзерваў, адзначыў, што іхныя змены адбываліся галоўным чынам праз ваганне цэнаў на золата. У звязку з нявызначанасцю ў сусветнай эканоміцы яны былі досыць дынамічнымі з тэндэнцыяй да росту.

Ваганні ж найбольш ліквіднай часткі рэзерваў – валюты – агулам не былі істотнымі, пішуць эксперты. Калі летась гэты паказнік павялічваўся да $3,4 млрд, то цяпер складае $3,2 млрд.

З леташняга жніўня, калі Нацбанк схаваў структуру актываў, кошт золата ў рэзервах вырас на 9%, валюты паболела на 6%.

Hавiны
Трэці месяц запар скарачаюцца золатавалютныя рэзервы краіны
2023.07.07 11:52

Тым часам Еўразійскі банк развіцця ў штотыднёвым аглядзе сваіх аналітыкаў папярэдзіў пра пагрозу разгону інфляцыі ў Беларусі. Гэта звязана з высокімі тэмпамі крэдытавання. Банкі раздаюць пазыкі таму, што грошы сталі больш даступнымі праз зніжэнне ставак. Гэта вынік мяккай грашова-крэдытнай палітыкі беларускага Нацбанку.

Крэдытны партфель банкаў вырас у чэрвені на 1,4 % месяц да месяца. У траўні было плюс 0,7 %, а ў красавіку – 2 %.

ЕАБР паведамляе, што крэдытная запазычанасць павялічылася як у юрыдычных асобаў (у чэрвені – на 1,2 % у параўнанні з траўнем), гэтак і ў фізічных асобаў (на 1,8 % у чэрвені ў параўнанні з траўнем).

Агляд
Пенсіі, дапамогі, санкцыі і суды над мёртвымі. Што зменіцца для беларусаў у жніўні
2023.07.31 16:06

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў