Беларускае мастацтва выцінанкі і неглюбскую тэкстыльную традыцыю прапанавана залучыць у спіс UNESCO. Пра гэта паведаміў кансультант аддзелу аховы і ўліку гістарычна-культурных каштоўнасцяў упраўлення аховы гістарычна-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі Генадзь Ходар падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню працаўнікоў культуры, піша БелТА.
«Сёлета мы ўнеслі ў UNESCO яшчэ дзве намінацыі – беларуская неглюбская тэкстыльная традыцыя ў Гомельскай вобласці і беларускае мастацтва выцінанкі», – сказаў Ходар.
Паводле звестак Міністэрства культуры, мастацтвам выцінанкі – выразання з паперы – валодаюць прыблізна 300 чалавек у 48 рэгіёнах Беларусі, з якіх 11 носяць званне народнага майстра.
Беларуская неглюбская тэкстыльная традыцыя захоўваецца ў Няглюбцы (Веткаўскі раён Гомельскай вобласці). Яна залучаная ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі.
Разгледзяць намінацыю «Беларускае мастацтва выцінанкі» ў 2024 годзе.
У канцы 2022 года на 17-й сесіі Міжурадавага камітэту ў справе аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO ў Марока было пастаноўлена залучыць беларускае саломапляценне ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.
Беларуская саломка сталася пятым элементам беларускай спадчыны ў спісе Сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Раней туды былі залучаныя абрад «Калядныя цары» ў Семежаве, урачыстасць у гонар абраза Маці Божай Будслаўскай у Будславе Мядзельскага раёну Менскай вобласці, веснавы абрад «Юр’еўскі карагод» у Пагосце Гомельскай вобласці, культура ляснога бортніцтва Беларусі на прыкладзе Лельчыцкага раёну Гомельскай вобласці.
Налета Міністэрства культуры Беларусу плануе прапанаваць залучыць у спіс UNESCO культуру беларускай дуды.
«Дуда ў нас рэпрэзентаваная не так шырока, як хацелася б – каля 30 прафесіяналаў і каля 100 аматараў. Аднак гэтая з’ява сёння бытуе на тэрыторыі чатырох вобласцяў – Віцебскай, Берасцейскай, Магілёўскай, Менскай, а таксама ў Менску», – адзначыў Генадзь Ходар.
У Спіс сусветнай спадчыны UNESCO залучаныя таксама чатыры аб’екты матэрыяльнай спадчыны: Белавежская пушча, Мірскі замак, Геадэзічная дуга Струвэ, палацава-паркавы комплекс Радзівілаў у Нясвіжы.
«У сукупнасці атрымліваецца, што Беларусь рэпрэзентаваная ў міжнародных спісах UNESCO дзевяццю аб’ектамі», – зазначыў прадстаўнік Міністэрства культуры.
Марыя Міхалевіч belsat.eu