Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 4 лістапада


«Белсат» падводзіць вынікі 254-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 4 лістапада чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія салдаты страляюць з танка T80, які быў захоплены ў расейцаў падчас бою ў Трасцянцы ў сакавіку. Бахмут, Украіна. 4 лістапада 2022 года.
Фота: Clodach Kilcoyne / Reuters / Forum

Удзень 4 лістапада Міністэрства абароны Расеі паведаміла пра зрыў украінскай атакі ў кірунку населенага пункту Бераставое ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці. Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што ЗСУ таксама спрабавалі наступаць у бок лініі населеных пунктаў Кіслоўка – Ягаднае, але былі спыненыя расейскімі войскамі, пасля чаго вярнуліся на старыя пазіцыі. Між тым інтэрактыўная карта амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) фіксуе прасоўванне Збройных сілаў Украіны на ўсход ад Купянску і вызваленне сяла Мікалаеўка на мяжы з Луганскай вобласцю.

На тэрыторыі самой Луганшчыны ЗСУ атакавалі ў бок населеных пунктаў Куземаўка, Плашчанка і Чырвонапапоўка. Ваенкор Сямён Пегаў піша і пра атаку на Крэмінную з боку Ямпалаўкі. Між тым лінія фронту ў Луганскай вобласці застаецца дынамічнай. У прыватнасці, сёлы Неўскае і Макееўка зноў знаходзяцца пад украінскім кантролем, і цяпер ужо расейскія войскі атакуюць у іхны бок.

Паводле Генеральнага штабу ЗСУ, у Данецкай вобласці расейцы наступалі на бахмуцкім, аўдзееўскім і навапаўлаўскім кірунка: украінскае камандаванне піша пра адбіццё атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Верхнякаменскае, Спірнае, Мар’інка, Новаміхайлаўка, Вадзяное і Паўлаўка. Пегаў паведамляе пра атакі каля Прачыстаўкі, Первамайскага і Белагораўкі. Былы міністр так званай ДНР Ігар Гіркін піша аб прасоўванні расейцаў у Мар’інцы. Інтэрактыўная карта вайны ва Украіне deepstatemap не фіксуе якіх-небудзь зменаў у лініі фронту на Данеччыне цягам апошніх содняў. Аналітыкі ISW мяркуюць, што войскі РФ зарана кінулі ў бой мабілізаваных каля Бахмуту і Вуглядару, у выніку чаго атрымалі нязначныя поспехі, але пазбавіліся свежых рэзерваў у жывой сіле.

Мясцовыя жыхары ідуць ля жылога дому, які пацярпеў ад абстрэлу ў часова акупаванай Расеяй Макееўцы, Украіна. 4 лістапада 2022 года.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

У Запарожскай вобласці ЗСУ наступалі ў ваколіцах Урэмаўкі, намагаючыся зрэзаць выступ у расейскай лініі абароны на гэтым участку фронту. Таксама абодва бакі канфлікту працягнулі абменьвацца артылерыйскімі ўдарамі. Але да маштабных наступальных дзеянняў на Запарожжы пакуль не даходзіць.

На правабярэжжы Дняпра сітуацыя застаецца адносна спакойнай. «Рыбарь» піша пра назапашванне ЗСУ жывой сілы і тэхнікі, Пегаў фіксуе ракетныя ўдары ўкраінцаў па Херсоне і Голай Прыстані, а таксама артылерыйскія адказы расейцаў па Салдацкім і Цярновых Подах. Таксама ёсць паведамленні пра вызваленне Збройнымі сіламі Украіны сяла Малая Сэйдэмінуха ў Берыслаўскім раёне Херсонскай вобласці.

Адсутнасць істотных зменаў у лініі фронту стварае ілюзію заціхання баявых дзеянняў ва Украіне, аднак Генштаб ЗСУ паведамляе пра вялізныя страты расейцаў за содні – каля 840 чалавек, – што ўказвае на адваротнае. Пры гэтым агульныя беззваротныя страты РФ з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны дасягнулі 74 840 чалавек.

 

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

 

ВК belsat.eu 

Стужка навінаў