Вядома пра некалькі топавых юрыстаў, якія былі вымушаныя пакінуць выкладанне ў БДУ праз погляды, паведамляе тэлеграм-канал студэнтаў і работнікаў юрыдычнага факультэту «Law Verum». Адмыслоўцы пакідаюць універсітэт пад ціскам.
Сярод звольненых: Юлія Гаўрыльчанка – доктар юрыдычных навук, прафесар кафедры гаспадарчага права, адна з заснавальніц магістратуры па ІТ-праве; Кірыл Тамашэўскі – доктар юрыдычных навук, прафесар кафедры грамадзянскага працэсу і працоўнага права; Таццяна Аўдзеева – старэйшая выкладчыца кафедры грамадзянскага права, адна з заснавальніц гуртка па грамадзянскім праве, выбітная адмыслоўца ў сферы грамадзянска-прававой адказнасці.
У спісах звольненых «Law Verum» спачатку таксама пазначаў Сяргея Пратасавіцкага – кандыдата юрыдычных навук, дацэнта кафедры грамадзянскага права, аднаго з аўтараў каментара да Грамадзянскага кодэксу. Аднак потым было дададзена, што гэтая інфармацыя непацверджаная, Пратасавіцкі ўсё яшчэ значыцца як выкладчык кафедры.
Цягам 2020–21 гадоў з юрыдычнага факультэту БДУ былі звольненыя: Яраслаў Кот, Алена Басалай, Алена Лаўеская. Алену Лаеўскую звольнілі, калі ёй заставалася адпрацаваць менш за год да пенсіі. Ейны сын Дзмітрый Лаеўскі быў адвакатам Віктара Бабарыкі.
У канцы 2021 года ў беларускіх установах культуры і адукацыі пачаліся масавыя звальненні нелаяльных работнікаў паводле гэтак званых спісаў. Вядома пра такія звальненні ў Дзяржаўнай філармоніі, музеях, універсітэтах.
ГГ, belsat.eu