Зняволены Мікалай Аўтуховіч, які 23 дні галадаваў насуха, 2 жніўня папіў гарбаты. Пра гэта паведаміла адміністрацыя СІЗА Гарадзенскай турмы № 1, піша радыё «Свабода» са спасылкаю на сваякоў.
Таксама 1 жніўня яму паставілі кропельніцу. Аднак у якім стане спадар Мікалай, не паведамляюць.
Сёння, 2 жніўня, яго чацвёрты раз не было на паседжанні суда. Ён адмовіўся ісці, бо не здолеў бы дайсці самастойна. Учора стала вядома, што вязню перадалі адзін ліст ад маці. Ці працягне ён галадаваць, пакуль няясна.
59-гадовы Мікалай абвясціў сухую галадоўку 11 ліпеня, пратэстуючы супраць таго, што яму не перадаюць лістоў і не дастаўляюць газетаў. Апошнім часам яму перасталі перадаваць нават лісты ад 83-гадовай маці.
Апошні раз адвакатка абвінавачванага Мікалая Аўтуховіча здолела наведаць яго 29 ліпеня. Тады мужчына паведаміў, што схуднеў на 20 кілаграмаў. Таксама начальнік турмы запэўніваў, што дактары на месцы адсочваюць ягоны фізічны і псіхалагічны стан ды кантралююць сітуацыю.
Алена Рувіна belsat.eu