Лукашэнка распавёў, як трэба змяніць Канстытуцыю 


Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго ролю ў Беларусі «трохі гіпербалізуюць» і што ў краіне «досыць разумных, моцных палітыкаў, якія, няхай не аднаасобна, але ў камандзе могуць вырашаць пытанні».

«Сапраўды, у нас моцная прэзідэнцкая ўлада. Гэта і выратавала краіну ад спусташэння. Я не хачу быць ужо занадта сціплым. А вы не палічыце гэта за нясціпласць. Вядома, роля Лукашэнкі ў Беларусі як кіраўніка аб’ектыўна, напэўна, значная. Але не трэба думаць, што толькі Лукашэнка там працуе, а ўсе астатнія спяць і нічога не робяць, не кіруюць і не вырабляюць. Выбудавана сістэма кіравання і пэўная сістэма ўлады ў суверэннай незалежнай дзяржаве», – сказаў ён у інтэрв’ю грузінскім журналістам.

Адначасова ён канстатаваў, што жыццё мяняецца і ўсё павінна ўдасканальвацца.

«Я нядаўна казаў пра тое, што прыйдзе час, калі мы павінны будзем і Канстытуцыю падкарэктаваць. Можа быць, нейкія нормы памяняць. Натуральна, некаторыя функцыі ад прэзідэнта перадаць выканаўчым органам улады, ураду, парламенту і г.д. Да гэтага мы і ідзем. Так, сёння няма гэтага часу. Але ён заўтра можа прыйсці. І мы павінны быць гатовыя. Таму мы будзем працаваць над Асноўным законам, каб гэта не было нейкай вулічнай акцыяй, пасля якой улады пачынаюць варушыцца. Я гэта выдатна разумею», – заявіў Лукашэнка.

«І вы ведаеце, у нас акрамя Лукашэнкі досыць разумных, моцных палітыкаў, якія, няхай не аднаасобна, але ў камандзе могуць вырашаць пытанні», –цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Паводле яго слоў, стабільнасць – гэта брэнд Беларусі.

«Калі вы і іншыя дзяржавы вырашылі будаваць з намі адносіны, можаце не турбавацца за стабільнасць. Гэта святое для нас. Гэта наш брэнд. І мы яго не збіраемся кудысьці выкідаць», – рэзюмаваў Лукашэнка.

Нагадаем, Лукашэнка ўжо двойчы ўносіў змены ў беларускую Канстытуцыю – ў 1996 і 2004 годзе. Гэтыя змены істотна пашырылі паўнамоцтва прэзідэнта, а таксама скасавалі абмежавання па колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў.

Пра магчымасць новай змены Канстытуцыі Лукашэнка ўпершыню заявіў восенню 2016 года. Сёлета ў студзені намер кіраўніка дзяржавы змяніць Канстытуцыю пацвердзіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

15 сакавіка Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся з суддзямі Канстытуцыйнага суда, даручыў ім рыхтаваць напрацоўкі па змяненні Канстытуцыі Беларусі. «А раптам жыццё перад намі паставіць пытанне, можа быць, не рубам, але складзецца сітуацыя, што трэба хутка, на працягу года, выдаць на-гара новую Канстытуцыю, пакласці народу на стол – галасуйце (я прыхільнік толькі ўсенароднага рэферэндуму), а ў нас напрацовак не будзе», – выказаў меркаванне ён.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў