НАТО–Расея: гульня мускуламі


Не толькі ўступленне ў Еўразвяз, але і ў НАТО былі важнымі складнікамі палітыкі Польшчы ды краінаў Балтыі. Сёння тут бадай ніхто не сумняецца ў сваім выбары – тым больш цяпер, пры росце вайсковых амбіцыяў Расеі. Альянс нарошчвае магутнасць на мяжы з нашым усходнім суседам – відаць, надакучылі правакацыі расейскіх знішчальнікаў над Балтыйскім морам. Расея ж рыхтуе свой адказ.

Расея правакуе і пагражае. Пра планы размясціць на мяжы тры вайсковыя дывізіі, або трыццаць тысяч вайскоўцаў заявіў міністр абароны нашага ўсходняга суседа.

Сяргей Шайгу, міністр абароны Расеі: «Да канца года дзве новыя дывізіі могуць быць сфармаваныя ў заходняй вайсковай акрузе, адна ў паўднёвай вайсковай акрузе».

Пра гэткія планы Шайгу казаў яшчэ на пачатку года. Прыспешыць працэс расейскае абароннае ведамства змусілі планы НАТО размясціць чатыры ратацыйныя батальёны ў Польшчы і краінах Балтыі. Пастанавіць маюць на ліпеньскім саміце альянсу ў Варшаве. Пакуль жа ў Літве прызямліліся два найноўшыя знішчальнікі «F-22 Raptor». Іх называюць прывідамі, бо заўважыць іх у паветры практычна немагчыма. Але наўрад ці гэтага сігналу не заўважаць у Расеі.

Даля Грыбаўскайце, прэзідэнт Літвы: «Перадусім гэта сігнал, што мы як краіна – чалец НАТО, разам з нашымі партнёрамі са Злучаных Штатаў, гатовыя абараніць сябе. Гэтыя летакі пятага пакалення, самыя сучасныя ў свеце. Гэта сігнал, што ЗША гатовыя абараніць наш рэгіён».

Мабілізацыя ідзе па ўсіх франтах. У наступным годзе Літва выдаткуе на абарону 725 мільёнаў еўраў – гэта 1,8 % ВУПу краіны. Але гэта ў 140 разоў меней за сродкі Расеі. Паводле амерыканскага аналітычнага цэнтру «RAND Corporation» Расею зможа захапіць Літву, Латвію ды Эстонію цягам трох дзён.

Польшчы сярод гэтых краінаў няма, але гэта не значыць, што ёй няма чаго баяцца.

Януш Анышкевіч, былы міністр абароны Польшчы, былы віцэ-старшыня Еўрапарламенту: «Польшча як адная з нешматлікіх краінаў НАТО выдаткоўвае на абарону каля двух адсоткаў ВУПу, што больш, чымся ў Нямеччыне. Мы будзем мадэрнізаваць сваю абарону – гэта будоўля з удзелам ЗША сістэмы супрацьракетнай абароны, а таксама стварэнне адзінак тэрытарыяльнай абароны».

На гэтым тыдні распачаліся вучэнні НАТО «Вясновая бура» ў Эстоніі з удзелам амаль 6 тысяч вайскоўцаў, у тым ліку з ЗША і Вялікай Брытаніі. У Малдову для вучэнняў таксама прыбылі амерыканскія жаўнеры.

А ў Літве пачалі будаваць новы навучальны палігон – за амаль пяць мільёнаў еўраў. Тут будзе школа, гандлёвы цэнтр і жылыя дамы – усё для імітацыі гарадскіх баёў.

Юозас Олякас, міністр абароны Літвы: «Гэта вельмі карысна для нашых узброеных сілаў. Мы маем больш часу на падрыхтоўку, больш мадэрнізаваныя вайсковыя сілы. Гэта стварае больш магчымасцяў для абароны».

Адметна, што адзіны такі палігон у краінах Балтыі, або, як яго празвалі, Другая Вільня, паўстане прыблізна за дзесяць кіламетраў ад мяжы з нашаю краінаю. Баяцца агрэсіі Расеі, але і пра Беларусь НАТО не забывае.

Януш Анышкевіч, былы міністр абароны Польшчы, былы віцэ-старшыня Еўрапарламенту: «На Беларусь у цяперашняй палітычнай і вайсковай канфігурацыі глядзяць як на хаўрусніка Расеі. Беларусь фармальна мусіць заставацца нейтральнаю краінаю – паводле канстытуцыі. Але супольныя вучэнні Беларусі ды Расеі паказваюць, што магчымая атака была б супольная і скіраваная супраць НАТО ды Польшчы. Таму ў магчымым канфлікце паміж НАТО і Расеяй Беларусь будзе трактаваная як частка расейскіх сілаў».

Чатыры тысячы жаўнераў НАТО супраць трыццаці тысяч расейскіх граюць хутчэй палітычную, але таксама значную ролю. Расея ж рэагуе нервова на кожны рух НАТО – Швецыі прыгразіла вайсковымі захадамі, калі тая далучыцца да альянсу.

Галоўнае за мінулы тыдзень у свеце – у праграме «Прасвет» з Дзмітрыем Гурневічам.

Ганна Любакова, belsat.eu

Стужка навінаў