«Нашую Беларусь без бою не аддамо». Правілы жыцця валанцёра Дзяніса Івашына


Былы беларускі актывіст Майдану пра страх, грошы, мэту жыцця, палітычныя партыі і КДБ.

Гарадзенец Дзяніс паехаў на Майдан, калі ў сеціве з’явіліся фота збітай «умоўна невядомымі» актывісткі Таццяны Чарнавол. Не змог усядзець у крэсле каля кампютара. Пасля ўжо быў месяц сярод дыму і копаці, атручанне газам, сівыя валасы…

«Будучыня не за партыямі»

Калі Расея анексавала Крым, а на Данбасе пачалася вайна, ізноў паўстала пытанне: што рабіць? Так Івашын стаў валанцёрам, зноў не ўсядзеўшы на месцы – далучыўся да валанцёрскай ініцыятывы «Гуманітарны маршрут Беларусь-АТО», якой кіруе Андрэй Стрыжак.

З Андрэем Стрыжаком мы пазнаёміліся ў лютым 2015-га, калі трываў збор сродкаў на помнік Міхалу Жызнеўскаму. Ён мой пабрацім па Майдану, таму я не мог застацца ўбаку. Андрэй акурат з Гомля, каля якога знаходзіцца вёска Сцяг Працы, дзе пахаваны Міхась, таму нефармальна ён каардынаваў гэты збор сродкаў.Пасля ўжо, увесну, ён запрасіў далучыцца да збору сродкаў на першы рэанімабіль для шпіталя імя Пірагова (зараз беларусы ўжо набылі тры!), і ўсё неяк закруцілася само сабой.

Падчас збору рэчаў для уцекачоў з Данбасу

Грошы ад пачатку я збольшага збіраў сярод сваіх старых сяброў, якіх ведаў па БНФ і «Маладым Фронце». Звяртаўся да журналістаў, актывістаў грамадскіх арганізацыяў. Ясна, што падчас крызісу ніхто шмат не дасць: там 10 долараў, там – 20… але нешта выходзіла!

Некалькі свядомых бізнесоўцаў добра так дапамаглі, я запомніў. А вось ад палітычных партыяў цэнтралізавана ніхто нічога не даў – зэро. Толькі асобныя актывісты са сваёй кішэні.

Будучыня не за партыямі, а за валанцёрамі ды грамадскімі актывістамі, я лічу. Бо партыі ў сённяшнім выглядзе – гэта рудымент нулявых гадоў, ужо састарэлы. У Беларусі патрэбнае поўнае перафарматаванне палітычнага поля. Сам я ад БНФ адышоў гадоў 10 таму…

Падчас Рэвалюцыі Годнасці, Кіеў

Вельмі добра памятаю, як было на Майдане: асноўную працу рабілі грамадскія актывісты, валанцёры, людзі з вуліцы, тым часам, як палітыкі вельмі хацелі ўсё кантраляваць – …але не атрымалася! Таму, калі ў Беларусі раптам нешта закруціцца, я супраць таго, каб туды далучаць партыі. Гэта давёў кіеўскі Майдан.

«Мы не шпіёны»

InformNapalm – ініцыятыва, якой зараз займаюся найбольш шчыльна. Гэта міжнародная валанцёрская супольнасць, якая займаецца зборам і прасоўваннем інфармацыі пра ўдзел Расеі ў агрэсіі супраць Украіны. Сярод яе стваральнікаў – украінцы, грузіны, беларусы, інсайдары на акупаваных тэрыторыях. Я цяпер фактычна каардынатар па Беларусі.

Мы не шпіёны, працуем выключна з адкрытымі крыніцамі інфармацыі – сацыяльныя сеткі, форумы – на якіх можна знайсці інфармацыю пра расейскіх вайскоўцаў. Напрыклад, на форумах сядзяць мамы гэтых ваякаў, а «Вконтакте» – самі байцы выстаўляюць свае фота з пазіцыяў ды лагераў падрыхтоўкі. Галоўная вайна цяпер – інфармацыйная, такім чынам я раблю свой унёсак.

 

З сайту InformNapalm

Беларусь зараз мае ўсе прыкметы пратэктарату Расеі. Адзін з самых гучных матэрыялаў на нашым сайце акурат датычыў таго, што ў вышэйшым вайсковым кіраўніцтве Беларусі каля 60 патэнцыйных агентаў Расеі! Таму Расеі тут і няма патрэбы трымаць вялікі кантынгент – яго ролю выконвае беларускі корпус. Пры пільнай патрэбе, Лукашэнку наўпрост адсунуць ад улады, а за стырно стане хто-небудзь з генералітэту…

Валанцёр і КДБ

Праблемы з КДБ за гэты час у мяне былі толькі аднойчы. Мне патэлефанаваў маёр Павал Славута, здаецца так, і настойліва запрашаў на размову. Казаў, што позву можа хоць зараз прывезці. Я кажу: не пытанне, але дасылайце поштай, ды каб там было ўказана – у сувязі з чым выклікаюць, у якасці каго…

Пра выпадак я паведаміў журналістам, як мог распаўсюдзіў інфармацыю сярод сяброў. Зразумела, што пасля гэтага ніхто мне нічога не даслаў. Маўчок!

Страх і «спісы Жадобіна»

Падтрыманне блізкіх – гэта вельмі важна, безумоўна. Але я лічу, што нават калі б не падтрымлівалі – нічога б гэта карэнна не змяніла ўва мне. Без розніцы. Рабі што маеш і хай будзе, што будзе. Мой прынцып: вера + дзеянне.



Дзяніс Івашын на адкрыцці помніка Міхалу Жызнеўскаму

Страх?.. Я ж і так па ўсіх спісах апазіцыянераў праходжу як мінімум з 2006 году (памятаеце, «спісы Жадобіна»?). Таму, нават калі ты будзеш сядзець як мыш пад мятлой – у момант «Х» за табой могуць прыйсці. А чакаць спакойна, пакуль «завязуць у лесапаласу», я не збіраюся. Нашу Беларусь без бою не аддамо, прынамсі, найбольшую шкоду маем нанесці ворагу.

Ну і Майдан, мабыць, паўплываў. Ёсць такія моманты ў жыцці, калі нібы сам з сабой знаёмішся. Унутранае ачышчэнне адбываецца. Таму і няма страху. Ты жывеш з мэтай – жалезабетоннай. Яна нівеліруе страх.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў