Найлепшая святочная страва. Вынікі конкурсу!


Прапаноўваем вашай увазе тры рэцэпты страваў, што могуць стаць смачным дадаткам да свята Дня Волі.

Конкурс на найлепшую святочную стравы доўжыўся амаль два тыдні. Аліна Коўшык, вядоўца «Белсату» ды аўтарка кулінарнага праекту «З коўшыка – у талерку» вызначыла тры самыя цікавыя і смачныя з тых, што мы атрымалі на нашую паштовую скрынку.

Дарагія гледачы – кухары!

Дзякую вам за рэцэпты. Вы сапраўды паставілі мне нялёгкую задачу. Як выбраць сярод пызаў, бульбянікаў, вінегрэтаў, рулек, верашчакаў, гускі і торта найлепшую святочную страву на Дзень Волі. Смачную, арыгінальную, але не надта экзатычную. Беларускую!

Па шчырасці, кожная з іх выдатна пасуе да сямейна – сяброўскай святочнай вячэры з нагоды Дня Волі. Мне аднак захацелася, каб усё ж страва была вытанчаная і была працягам нашых шляхецкіх традыцый. Бо мы маем чым ганарыцца, а беларусы – гэта не толькі бульба. Хоць і яна будзе.

Паводле майго вельмі субектыўнага меркавання пераможцам стаў Аляксей Мароз з рэцэптам «Гусь, запечаная з яблыкамі».

Вось рэцэпт – пераможца.

На 1 гусь:

  • соль,
  • 0.5 лыжачкі кмену,
  • трохі маярану або мацярдушкі
  • некалькі дзясяткаў яблыкаў,
  • 2-3 лыжкі бульёну

Зняць з адкормленай гусі залішні шмалец (тлушч), абцерці яе зверху і знутры соллю ды кменам з маяранам, нафаршаваць дробнымі неразрэзанымі яблыкамі і запячы са жменькай крышанай цыбулі, пастаянна паліваючы, напачатку булёнам, а потым уласным сокам. Перад падачай на стол абкласці асобна спечанымі яблыкамі. Сок з гусі заправіць лыжкай мукі, закіпяціць, паліць ім страву, а рэшту падаць асобна.

(Рэцэпт з кнігі «Наша Страва», Алесь Белы. Гатаваў гэтую страву на Каляды).

Вось як прыгатавала яго я.

Гуску нацерла маяранам, перцам і соллю. Запіхала кавалкі яблыкаў у сярэдзіну гускі. Дадаткова абклала яблыкамі і пякла ў фользе доўга. Спачатку 30 хв. у тэмпературы 180 градусаў, потым каля двух гадзін (з разліку гадзіна на кіля птушкі) у тэмпературы 120 градусаў. Час ад часу палівала вытапленым тлушчам. На апошнія 15 хв. тэмпературу падкруціла да 180 і зняла фольгу з верху, каб атрымалася хрусткая і залатая скарыначка.

Гуску я падала з буракамі з хрэнам, чырвонай капустай, соусам з журавіны ды бела-чырвона-белымі бульбянымі клёцкамі. Было смачна! Спадзяюся будзе смачна і вам!

Для аматараў бульбы і дранікаў – прапанова святочнага варыянта ад Вольгі Жаўнярук.

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

Але якая ж святочная вячэра без дэсерту. Таму яшчэ хачу адзначыць святочнае жэле «Жыве Беларусь!» Рэцэпт даслаў Арцём Бусел.

Зрабіць гэта святочнае жэле вельмі проста. Спатрэбіцца смятана, трускаўка, цукар і жэлацін.

Заміж трускаўкі пэўна можна ўзяць журавіны ці іншую ягаду чырвонага колеру.

  • 400 гр смятаны
  • 200-300 гр трускаўкі
  • 30 гр жэлаціна
  • Цукар
  • Любоў да бацькаўшчыны

Дадаём у смятану цукар на свой густ. Прыкладна 2-3 ст.л. У 2 шклянкі гарачай вады (400-500 мл) высыпаем жэлацін і размешваем да поўнага растварэння. Свежую трускаўку цяпер знайсці складана, таму мы набылі замарожаную. Размарозілі, здрабнілі блендарам і таксама дадалі 2 ст л цукру (можна больш). Потым 2/3 вады з жэлацінам выліваем у смятану, а 1/3 у трускаўку. Выліваем на першы пласт смятану ў форму, і ставім у лядоўню на 20 хвілін. Потым другі пласт – трускаўка, і зноў на 20 хвілін. Трэці пласт – зноў смятана.

Жэле гатова. Перад ужываннем трэба абавязкова 3 разы гучна сказаць Жыве Беларусь! Жыве Вечна! Смачна есці!

Вось мой бел-чырвона-белы торцік, на які мяне натхніў Арцём. Я крыху змяніла рэцэпт, бо менавіта такі раблю на Дзень Волі. А сёння раніцай яго пакаштавала нашая інтэрнэт – рэдакцыя.

Сябры, калі вас зацікавяць іншыя рэцэпты, якія мы атрымалі на конкурс, зможаце іх знайсці ў маім блогу 1000i1koushyk.blogspot.com ці на старонцы ў Фэйсбуку facebook.com/1000i1koushyk.

Смачнай вам бяседы ў Дзень Волі! Са святам, беларусы!

Аліна Коўшык, для belsat.eu

Стужка навінаў