Надзея Саўчанка. Вяртанне дадому

video

https://www.youtube.com/watch?v=0B3WrvZTmDA

25 траўня стаў двойчы адметны для Украіны – у 2014 годзе ў гэты дзень Пятро Парашэнка перамог на прэзідэнцкіх выбарах і праз два гады пасля гэтага Надзея Саўчанка вярнулася дадому, што стала другой перамогай кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.

З раніцы інфармацыйны прастор Украіны «заштарміла». Расейская агенцыя «Інтэрфакс» са спасылкай на ананімныя крыніцы паведаміла, што ў растоўскім аэрапорце прызямліўся самалёт украінскага прэзідэнта, на якім мае вярнуцца на бацькаўшчыну Надзея Саўчанка – народны дэпутат, Герой Украіны, якая пасля яе выкрадання на Данбасе два гады правяла ў расейскай турме паводле фальсіфікаванага абвінавачання ў забойстве расейскіх журналістаў.

Адміністрацыя Пятра Парашэнкі маўчала да апошняга, чакаючы гарантаванага поспеху аперацыі. Падрабязнасцям вызвалення Надзеі Саўчанкі папярэднічала памілаванне ўкраінскім прэзідэнтам двох расейскіх жаўнераў Яўгена Ерафеева і Аляксандра Александрова – менавіта на іх і абмянялі Надзею Саўчанку. Завочна.

Як высветлілася пазней, адначасова з Кіева і Растова вылецелі два самалёты – з Расеі на борце з Надзеяй, а з Украіны – з вайскоўцамі, засуджанымі ўкраінскім судом за ўдзел у баявых дзеяннях на баку тэрарыстычных арганізацыяў «ЛНР» ды «ДНР».

Чытайце таксама Он-лайн – вяртанне Саўчанкі

Вера, сястра Надзеі, таксама не спяшалася з навінамі. Як і адвакаты, яна сцвярджала, што не мае дакладнай інфармацыі, але ўсё ж накіравалася разам з маці Марыяй Іванаўнай у аэрапорт «Барыспаль».

Адначасова чаканае і нечаканае вяртанне Надзеі застала ейную маці на кухні за прыгатаваннем баршчу, але ён застаўся недагатаваным. «Надзя ж казала, што як прыедзе дадому, як наесца майго баршчу з фасоллю… Ну нічога, дапарыцца», – пераймалася Марыя Іванаўна.

У аэрапорт яна прыехала з лідаркаю партыі «Бацькаўшчына» Юліяй Цімашэнкай. І з вялікім букетам белых ружаў. «Я вельмі трывожуся… як бы не заплакаць», – падзялілася сваім адчуваннем Марыя Саўчанка журналістам.

З апаўдня ў «Барыспале» першы паветраны борт чакалі ўкраінскія і замежныя журналісты, хаця канчаткова на той момант, калі самалёт знаходзіўся ў паветры, яшчэ дакладна не было вызначана, якая з трох пляцовак яго прыме – «Барыспаль», «Жуляны» ці вайсковы аэрадром «Гастомель». Сілы сустракаючых распарашыліся па трох кропках. Ды і фармат афіцыйнай сустрэчы народнай гераіні таксама трымаўся ў сакрэце. Хто мае яе сустракаць – аднапартыйцы па «Бацькаўшчыне», ад якой яна абраная да Вярхоўнай Рады, ці прэзідэнт Парашэнка? «Фармат яшчэ узгалняецца. Але магу сказаць, што ўкраінскі самалёт не такі хуткасны. Расейскія жаўнеры раней прыбудуць у Растоў, чым Надзя ў Кіеў», – сказаў дэпутат фракцыі «Бацькаўшчына» Ігар Луцэнка.

Інтрыга развязалася за паўгадзіны, калі да аэрапорту «Барыспаль» прыехаў прэзідэнцкі картэж.

Алена Літвінава, Кіеў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары