Надзея Саўчанка часткова адмовілася ад галадоўкі


Украінская лётчыца паслухала параду лекараў і згадзілася прымаць курыны булён, паведамляе Федэральная служба выканання пакаранняў Расеі (ФСВП).

«Сёння абвінавачаная Саўчанка пагадзілася выконваць рэкамендацыі лекараў па падтрыманні стану свайго здароўя і дала згоду на прыём курынага булёну», – паведаміла «Интерфаксу» прэс-служба ФСВП.

Зараз лётчыца і народны дэпутат Украіны знаходзіцца пад дынамічным назіраннем лекараў і працягвае атрымоўваць неабходную для падтрымання тэрапію.

Надзея Саўчанка абвясціла галадоўку 13 снежня 2014 года. 2 сакавіка прэзідэнт Пятро Парашэнка прысвоіў ёй званне Героя Украіны.

У Расеі Надзею Саўчанку абвінавачваюць у датычнасці да гібелі расейскіх журналістаў на Данбасе. У канцы чэрвеня сепаратысты захапілі яе ў палон, перавезлі праз мяжу і перадалі расейскім сілавікам.

НМ, belsat.eu, паводле Interfax.ru

Стужка навінаў