На Варшаўскім кінафестывалі пакажуць мультфільм беларуса Генадзя Буто

video

Госці Варшаўскага кінафестывалю пабачаць мультфільм «Яно» – новую працу беларускага аніматара Генадзя Буто.

Сёння пачынаецца 31-ы Варшаўскі кінафестываль. Ён працягнецца да 18 кастрычніка, а сярод працаў, якія прадэманструюць гледачам, будзе і мультфільм беларускага аніматара Генадзя Буто «Яно».

«У пакоі галоўнага героя селіцца істота, якая яго сілкуе і адначасова забівае. Жыццё героя развальваецца і яму нічога не застаецца як змагацца з гэтай залежнасцю», – гаворыцца ў апісанні мультфільму.

Генадзь Буто – нарадзіўся ў Горадні ў 1983 годзе. У 2006-м скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. У 2011 годзе пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе працаваў у студыі анімацыі «Мельница».

Больш беларускіх фільмаў у Варшаве можна будзе пабачыць 23-25 кастрычніка – на фестывалі беларускага кіно «Бульбамуві». Як паведамляюць арганізатары, сёлета аўтары даслалі на конкурс 47 беларускіх фільмаў: 25 мастацкіх, 21 дакументальны і адзін мультфільм.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары